З 2021 году больш за 15 тысяч спэцыялістаў пакінулі IT-рынак Беларусі, — «Кібэрпартызаны»

Ілюстрацыйнае фота

З 2021 па 2024 год больш за 18,5 тысяч чалавек перасталі працаваць у кампаніях беларускага ПВТ, а больш за 15 тысяч IT-спэцыялістаў наогул пакінулі IT-рынак Беларусі, падлічыла група ананімных хакераў, аб'яднаных у ініцыятыву «Кібэрпартызаны».

Паводле зьвестак «Кібэрпартызанаў», з 2020 году ўлады Беларусі вядуць сьпісы супрацоўнікаў, якія звольніліся з IT-кампаній і пакінулі Беларусь. Хакеры сьцьвярджаюць, што ім удалося атрымаць зьвесткі з закрытай статыстыкі дзяржаўных ведамстваў.

Згодна з гэтымі зьвесткамі, паводле «Кібэрпартызанаў», на студзень 2021 году ў Беларусі працавалі 93 581 IT-спэцыялістаў (зь іх 72,1 тысячы ў ПВТ), а на студзень 2024 году іх засталося 78 273 чалавек (53,6 тысячы ў ПВТ). З гэтых зьвестак вынікае, што з 2021-ы па 2023 год уключна IT-галіна Беларусі страціла больш за 15,3 тысячы работнікаў (каля 16%).

Цікава, што пры гэтым за 2021 год, паводле зьвестак «Кібэрпартызан», колькасьць айцішнікаў вырасла на 9 тысяч — да 102 715 тыс. чалавек, а пасьля гэтага стала моцна скарачацца: за 2022 год IT-сфэра страціла крыху больш за 19 тысяч работнікаў, за 2023 год — яшчэ 5,4 тысячы.

У кампаніях, якія ўваходзяць у ПВТ, з 2021 па 2023 год ў спэцыялістаў стала на 18,5 тысяч менш. Гэта магло адбыцца, напрыклад, у сувязі з тым, што некаторыя кампаніі маглі перастаць быць рэзыдэнтамі ПВТ, але працягнулі працаваць у Беларусі.

Таксама «Кібэрпартызаны» прааналізавалі і апублікавалі статыстыку па асобных буйных ІТ-кампаніях. Зь яе вынікае, што за 2020-2023 гады колькасьць супрацоўнікаў у Беларусі

  • у кампаніі EPAM Systems скарацілася на 6157 чалавек,
  • у Game Stream — на 1673 чалавек,
  • у iTechArt Group — на 1493 чалавекі,
  • у Godel Technologies Europe — на 1162 чалавекі,
  • у Itransition — на 851 чалавека,
  • у ISsoft Solutions — на 677 чалавек.

Белстат з 2023 году не публікуе колькасьць ІТ-спэцыялістаў у Беларусі. У лістападзе 2022 году Белстат налічыў больш за 65 тысяч занятых у ІТ і сувязі, праз год — больш за 57 тысяч, і гэта мінімум за апошнія тры гады статыстычных зьвестак.

З 2020 году многія буйныя ІТ-кампаніі пакінулі Беларусь, які і многія іх супрацоўнікі. Рэжым Лукашэнкі працягвае перасьледаваць айцішнікаў з палітычных матываў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, з 2020 году паводле палітычна матываваных крымінальных артыкулаў у Беларусі асудзілі сама меней 79 ІТ-спэцыялістаў, 27 зь іх і цяпер у зьняволеньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2018–2023 гадах Беларусь пакінулі больш за 210 тысяч працаздольных грамадзян, — «Кібэрпартызаны»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус $125 мільёнаў інвэстыцый, мінус 17 000 супрацоўнікаў за год. Што цяпер адбываецца са сфэрай ІТ у Беларусі