2024 год стаў самым гарачым за 175 гадоў мэтэаралягічных назіраньняў, вынікае з аналізу эўрапейскага кліматычнага цэнтру Copernicus.
На Зямлі стала на 0,72°C цяплей, чым у сярэднім за 1991-2020 гады, і на 1,6°C — чым у даіндустрыяльным пэрыядзе. Леташняе пацяпленьне ўпершыню перавысіла значэньне ў 1,5°C, якое навукоўцы лічаць крытычным.
Кліматолягі адзначаюць, што адзін-два гады крытычнага пацяпленьня яшчэ не азначаюць, што Парыскае пагадненьне, якім краіны дамовіліся берагчы клімат плянэты, было парушанае. Аднак пры цяперашніх тэмпах пацяпленьня на 0,2°C у дзесяцігодзьдзе гэта становіцца ўсё больш верагодным.
Асобна навукоўцаў трывожыць, што сярэднесусьветная тэмпэратура засталася высокай нават пасьля таго, як зьнік фактар прыроднай зьявы Эль-Ніньё — павышэньня тэмпэратуры экватарыяльных водаў Ціхага акіяну. Каля года пацяпленьне тлумачылася ўплывам Эль-Ніньё і дзейнасьцю чалавека: выкідамі парніковых газаў і высечкай лясоў. З другога паўгодзьдзя 2024 году фактару Эль-Ніньё больш няма.
Апошнія дзесяць гадоў кожны год быў цяплейшы за папярэдні — і кліматолягі чакаюць, што тэндэнцыя працягнецца. З 2023 году ў сьвеце стала цяплей на 0,1°C.
Дзень 22 ліпеня 2024 году стаў самым гарачым у гісторыі назіраньняў. Сярэдняя глябальная тэмпэратура ў той дзень дасягнула 17,16°C.
«Гэты рэкорд павінен стаць праверкай на рэальнасьць. Год экстрэмальнага надвор’я паказаў, наколькі небясьпечнае жыцьцё пры тэмпэратуры 1,5°C. Паводкі ў Валенсіі, ураганы ў ЗША, тайфуны на Філіпінах і засуха ў Амазоніі — вось толькі чатыры бедзтвы мінулага году, якія пагоршыліся з прычыны зьмены клімату. Іх значна больш», — кажа доктар Фрыдэрыкэ Ота з Імпэрскага каледжа Лёндана.
Для таго каб укласьціся ў крытычную мяжу пацяпленьня, чалавецтву неабходна зьнізіць выкіды парніковых газаў на 45% да 2030 году.
- З прычыны павышэньня глябальнай тэмпэратуры паводкі, засухі, лясныя пажары, штормы, хвалі холаду і сьпякоты ў сьвеце адбываюцца часьцей і становяцца больш інтэнсіўнымі.
- Стыхійныя бедзтвы прыводзяць да гібелі і міграцыі людзей і жывёлаў, разбурэньня дамоў і інфраструктуры, зьнішчэньня зямельных угодзьдзяў.
- Для запаволеньня зьмены клімату навукоўцы, актывісты і некаторыя палітыкі ў розных краінах заклікаюць да скарачэньня выкарыстаньня нафты, газу і вугалю, пры спальваньні якіх утвараюцца парніковыя газы. Парніковыя газы — адзін з асноўных фактараў глябальнага пацяпленьня.