У Берасьцейскай і Віцебскай абласьцях пасьля часовай адмены з 1 лютага зноў пачнуць спаганяць мясцовы збор за перасячэньне дзяржаўнай мяжы аўтамабілямі ў пунктах пропуску.
Адпаведныя рашэньні, прынятыя абласнымі Саветамі дэпутатаў ад 26 сьнежня 2024 года № 62 і ад 30 сьнежня 2024 года № 69, апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.
Збор за перасячэньне дзяржаўнай мяжы для транспартных сродкаў да 5 тон (зарэгістраваных як у Беларусі, так і за мяжой) пачнуць спаганяць з 1 лютага 2025 году. Памер збору — 42 беларускія рублі, незалежна ад колькасьці пасажыраў.
Выплачваць збор можна як да перасячэньня мяжы праз АРІП, так і ў пункце пропуску.
- Мясцовы збор на выезд зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу ўвялі ў 2021 годзе ў Берасьцейскай, Віцебскай і Горадзенскай абласьцях у якасьці часовай меры для барацьбы з каранавірусам. Збор быў часовым, таму мясцовыя ўлады павінны былі прымаць рашэньне аб яго прадаўжэньні.
- У сьнежні 2024 году абласныя саветы дэпутатаў атрымалі права зацьвярджаць збор на пастаяннай аснове (так будзе з 1 студзеня 2025 году).
- Берасьцейская і Горадзенская вобласьці ў канцы сьнежня паведамілі пра часовае прыпыненьне дзеяньня мясцовага збору за перасячэньне мяжы з 1 студзеня 2025 году.