ЗША заплацяць 25 мільёнаў даляраў за дапамогу ў арышце Мадура

Нікаляс Мадура

Злучаныя Штаты Амэрыкі заплацяць 25 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая дапаможа арыштаваць кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура.

Пра гэта паведаміла ВВС у дзень інаўгурацыі Мадура на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. ЗША не прызнаюць перамогу Мадура на выбарах у мінулым годзе, калі апазыцыя дала сьведчаньні масавых фальсыфікацый.

Таксама буйныя грашовыя ўзнагароды абвешчаныя за дапамогу ў арышце міністра ўнутраных спраў Вэнэсуэлы Дыядада Кабэла і міністра абароны Ўладзіміра Падрына.

ЗША і раней прапаноўвалі грошы за дапамогу ў арышце Мадура. У 2020 годзе была абвешчана ўзнагарода 15 мільёнаў даляраў, зараз гэтую суму амаль павялічылі. На думку амэрыканскіх уладаў, Мадура шчыльна зьвязаны з наркакартэлямі і міжнароднай сеткай гандлю какаінам. ЗША не прызналі перамогу Мадура яшчэ на выбарах 2018 году і адмаўляюцца лічыць яго легітымным прэзыдэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Вэнэсуэлы абвясьцілі пра ўзнагароду, каб злавіць галоўнага канкурэнта Мадура

Міністэрства фінансаў ЗША ў пятніцу ўвяло санкцыі супраць шэрагу вэнэсуэльскіх асобаў і кампаній, якія спрыялі прыходу Мадура да ўлады і да яго рэпрэсіўнай палітыкі. Сярод іх кіраўнік вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтаздабываючай кампаніі PdVSA Гектар Андрэс Абрэгон, міністар транспарту і адначасова прэзыдэнт нацыянальнай авіякампаніі CONVIASA Рамон Селясьціна Веляскес, намесьнік міністра ўнутраных спраў Фелікс Рамон Асорыя, шэраг высокапастаўленых вайскоўцаў і службоўцаў паліцыі.

Таксама санкцыі супраць 15 паплечнікаў Мадура ўвяла Вялікая Брытанія. Яна таксама не прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і перамогу Мадура на іх. «Вялікая Брытанія ня будзе моўчкі назіраць, як Мадура душыць дэмакратыю і груба парушае правы чалавека. Усе палітычныя зьняволеныя павінныя быць вызваленыя, рэпрэсіі павінныя спыніцца. Мы працягнем падтрымліваць народ Вэнэсуэлы ў барацьбе за дэмакратычную будучыню», — заявіў міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Лэмі.

Эўразьвяз у дзень інаўгурацыі Мадура таксама пашырыў санкцыйныя сьпісы.

  • Прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў Вэнэсуэле 28 ліпеня мінулага году. Паводле афіцыйных зьвестак, на іх перамог дзейны прэзыдэнт краіны Нікалас Мадура, які такім чынам быў пераабраны на трэці тэрмін.
  • На думку апазыцыі, на выбарах перамог Эдмунда Гансалес з вынікам больш як 70% галасоў. Апазыцыя апублікавала пратаколы больш як з 80% участкаў, зь якіх вынікае, што Гансалес перамог на выбарах са значным адрывам. Нацыянальная выбарчая рада, якая абвясьціла Мадуру пераможцам, пратаколы так і не апублікавала. Пасьля выбараў Вэнэсуэлу ахапілі масавыя пратэсты, іх удзельнікі абвінавачвалі Мадура ў падтасоўцы галасоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны чацьвёрты зьехаў з краіны». Вэнэсуэльская дыпляматка расказала пра пасьлявыбарныя пратэсты і апазыцыю ў выгнаньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Вэнэсуэлы абвясьцілі пра ўзнагароду, каб злавіць галоўнага канкурэнта Мадура