Ад заўтра Беларусь і Расея будуць узаемна прызнаваць візы

Памежны пераход на мяжы Беларусі з Расеяй у Гомельскай вобласьці на трасе M10, архіўнае фота

З 11 студзеня 2025 году Беларусь і Расея будуць прызнаваць візы адна адной, паведаміла Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У гэты дзень уступае ў сілу пагадненьне паміж урадамі дзьвюх краін аб узаемным прызнаньні візаў і па іншых пытаньнях, зьвязаных з уездам замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц «Дагавору аб стварэньні Саюзнай дзяржавы».

Замежнікі зь беларускай візай змогуць падарожнічаць у Расею, а з расейскай — у Беларусь. Гэта распаўсюджваецца і на сухапутную мяжу ў тых пунктах пропуску, якія пералічаныя на сайце МЗС.

  • Каб заехаць у Беларусь або Расею, патрэбны прызнаны абедзьвюма дзяржавамі дакумэнт, які пацьвярджае асобу, а таксама беларуская або расейская віза.
  • Калі прадугледжаны бязьвізавы рэжым, дык для ўезду ў абедзьве краіны і знаходжаньня там дастаткова прызнанага абедзьвюма дзяржавамі дакумэнта, які сьведчыць асобу.
  • У выпадку, калі ў адной краіне дзейнічае бязьвізавы рэжым, а ў іншай візавы, то для ўезду ў апошнюю і знаходжаньня там, акрамя дакумэнта, які сьведчыць асобу, спатрэбіцца віза.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узаемнае прызнаньне візаў з Расеяй не касуе беларускі бязьвіз для грамадзянаў 74 краінаў