У Нямеччыне 60 ВНУ і навуковых установаў пакідаюць плятформу X

Свабодны ўнівэрсытэт Бэрліну, вышэйшыя навучальныя ўстановы і навуковыя інстытуты Гейдэльбэргу, Мюнстэру, Кёльна, Ахэна і дзясяткаў іншых гарадоў вырашылі выдаліць свае ўліковыя запісы з сацсеткі Х і перайсьці на іншыя плятформы.

Так яны выказалі нязгоду з падвышэньнем радыкалізацыі плятформы, якой валодае амэрыканскі мільярдэр Ілан Маск.

Ініцыятарам скаардынаваных дзеяньняў стаў унівэрсытэт Дусэльдорфу. Да акцыі далучыліся і ВНУ Аўстрыі.

Як сьцьвярджаюць прадстаўнікі адукацыйных і дасьледчых установаў, галоўны напрамак дыскурсу ў сацсетцы Маска супярэчыць адкрытасьці сьвету і навуковай цэласнасьці. На думку ўдзельнікаў акцыі, «узмацненьне альгарытмаў для падтрымкі правапапулісцкіх пастоў і для абмежаваньня публікацый іншага зьместу» зрабіла выкарыстаньне плятформы Х непрымальным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ананімны акаўнт у сацсетцы Х распальвае антыімігранцкія наратывы ў Эўразьвязе. Расьсьледаваньне Свабоды

Сыход унівэрсытэтаў і навуковых установаў з сацсеткі падкрэсьлівае «барацьбу за камунікацыю, якая базуецца на фактах, і супраць антыдэмакратычных сіл», гаворыцца ў абгрунтаваньні акцыі.

Раней Маск апублікаваў на сваёй плятформе заклікі да падтрымкі правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» і інтэрвію зь яе лідэркай Аліс Вайдэль. Журналісты зьвярнулі ўвагу, што Маск і Вайдэль выказалі шматлікія не падмацаваныя фактамі сьцьвярджэньні пра Трэці райх і міграцыю.