«У першую чаргу я б параіў крыху свае асабістыя амбіцыі адсунуць на задні плян. У нас дзьве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская. ЦВК выканаў усе працэдуры згодна з заканадаўствам. У Выбарчым кодэксе запісана, што тэкст і фармат бюлетэня вызначае Цэнтральная выбарчая камісія. Мы ў адкрытым галосным фармаце, пры онлайн-трансьляцыі пасяджэньня на сайце ЦВК разгледзелі і прынялі калегіяльным рашэньнем пастанову адносна бюлетэня. Значыць, гэтае рашэньне павінна выконвацца ўсімі дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі, якія бяруць удзел у галасаваньні», — цытуе Карпенку дзяржаўнае выданьне «СБ. Беларусь сегодня».
«Я вельмі акуратна стаўлюся да такіх нацыяналістычных выпадаў. Мы павінны разумець, што ў Беларусі сёньня каля 150 нацыяў і народнасьцяў пражываюць, у якіх таксама могуць быць свае моўныя перавагі. Але ж яны зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь! І, ствараючы ўмовы для нацыянальна-культурнага разьвіцьця ў нашай краіне, мы, вядома, усё роўна павінны ведаць дзьве дзяржаўныя мовы: беларускую і расейскую. Таму некаторым вось такім грамадзянам, якія праяўляюць непатрэбную актыўнасьць наконт таго, на якой мове выпушчаны бюлетэнь, магу параіць адно: прыйсьці на выбарчы ўчастак, папярэдне ўважліва азнаёміцца з дадзенымі кандыдатаў і зрабіць свой сьвядомы выбар», — дадаў старшыня ЦВК.
Карпенка не называў імёнаў тых, хто, на яго думку, «праяўляе непатрэбную актыўнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бондарава — самы мэмны беларускі пэрсанаж». Блогер Джыпсінкоў пра гумар «ябацек» і экстрэмісцкі статусГазэта «Наша ніва» паведаміла, што блогер Міхаіл Юспа напісаў зварот у ЦВК з патрабаваньнем дадаць на бюлетэні расейскую мову. Аднак у камісіі адказалі, што ўсё адпавядае закону. У Выбарчым кодэксе сказана, што бюлетэні друкуюцца на беларускай або расейскай мове, а ЦВК зрабіў выбар на карысьць беларускай мовы. Юспа ўбачыў у гэтым «пагаршэньне канстытуцыйных правоў расейскамоўнай ультрабольшасьці беларусаў».
Вядомая прарасейская актывістка Вольга Бондарава паабяцала напісаць скаргу, калі ўбачыць на ўчастку бюлетэнь без расейскай мовы. «Асабіста я бачу ў гэтым дыскрымінацыю расейскай мовы — тую самую дэрусыфікацыю, „якой няма“. І ня я адна. Людзі робяць высновы», — напісала яна ў сваіх сацсетках.
Чарговыя прэзыдэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 26 студзеня 2025 году. Яны традыцыйна праходзяць у атмасфэры несвабоды. Шэраг грамадзкіх арганізацый і палітычных партый забароненыя ў краіне судом, а сотні апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі пасаджаныя ў турму альбо выціснутыя на эміграцыю. Участкаў для галасаваньня за мяжой ня будзе, як і на парлямэнцкіх выбарах, якія прайшлі раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары без магчымасьці выбіраць. Імітацыя, даведзеная да абсурду