«Настаўнікі спэцыяльнага прызначэньня»: як падчас акупацыі ўкраінскіх настаўнікаў замяняюць на расейскіх

Акцыя пратэсту ў акупаваным Расеяй Генічаску, сакавік 2022

Расейскія ўлады выціскаюць украінскіх настаўнікаў на акупаваных тэрыторыях.

У школах акупаванага Генічаску на Херсоншчыне адміністрацыя пазбаўляецца ад украінскіх настаўнікаў. Днямі мясцовы Telegram-канал апублікаваў паведамленьне ад звольненай настаўніцы, якую замянілі выхадцы з Дагестану. Нярэдкія выпадкі, калі ў акупаваныя населеныя пункты Ўкраіны прыяжджаюць рабочыя з рэгіёнаў Расеі.

Як расейскія ўлады замяняюць украінскіх настаўнікаў на акупаваных тэрыторыях расейскімі кадрамі? Чаму Дагестан стаў рэсурсам для папаўненьня школаў Мелітопаля і Генічаску? Ці магчыма ўкраінскім дзецям на акупаваных тэрыторыях ухіляцца ад навучаньня па расейскай праграме?

Пра гэта расказвае праект Радыё Свабода «Навіны з Азоўскага мора».

«Хачу ананімна расказаць пра абуральнае свавольства», — так пачынаецца паведамленьне, якое 7 студзеня распаўсюдзіў адзін з тэлеграм-каналаў Генічаску. Аўтарка — школьная настаўніца, якая жыла і працавала на Херсоншчыне падчас украінскай улады. Настаўніца вітала расейскіх акупантаў і нават пісала, што «адчула свабоду». Яна прайшла пераатэстацыю, каб далей працаваць у школе па расейскай праграме. Але днямі ёй паведамілі пра звальненьне. Дырэктарка школы патлумачыла, што «трэба даць месца камандзіраваным работнікам з Дагестану».

У самім Дагестане на 1 верасьня 2024 году налічвалася 212 незапоўненых пэдагагічных вакансіяў, канстатаваў намесьнік міністра адукацыі і навукі рэспублікі.

Але, нягледзячы на кадравы голад ва ўласных школах, з пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Дагестан пачаў адпраўляць настаўнікаў на працу ў толькі што захопленыя рэгіёны Ўкраіны — Запароскую і Херсонскую вобласьці. Яшчэ ў лістападзе 2022 году дзяржаўнае тэлебачаньне Дагестану паказала матэрыял пра настаўнікаў, якія працуюць у Мелітопалі.

Зарабіць грошы ва Ўкраіне

Журналіст праекту Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода «Кавказ.Реалии» Закір Магамедаў налічыў у Мелітопалі 18 настаўнікаў з Дагестану — гэта настаўнікі геаграфіі і расейскай мовы і літаратуры. На дзяржаўным дагестанскім тэлебачаньні паказваюць сюжэты, як працуюць дагестанскія настаўнікі на акупаваных тэрыторыях Украіны. У сюжэтах адзначаецца, што гісторыя раней у гэтых школах выкладалася некарэктна — гаварылася не пра Айчынную вайну, а пра Другую сусьветную, а пра ўнёсак СССР у барацьбу з фашызмам гаварылася мімаходзь.

Закір Магамедаў

Міністэрства адукацыі Дагестану ўвяло тэрмін для настаўнікаў, накіраваных на працу на акупаваную частку Ўкраіны, — «спэцыяльныя настаўнікі».

Магамедаў адзначае, што дагестанскія настаўнікі пагаджаюцца працаваць ва Ўкраіне, таму што разьлічваюць атрымліваць у тры, а то і ў пяць разоў большы заробак, чым дома.

Расейскія ўлады плянуюць надалей заахвочваць пераезд настаўнікаў з рэгіёнаў РФ на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны. З 1 студзеня настаўнікам, якія пагодзяцца працаваць у вясковых школах падкантрольнай часткі Запароскай, Херсонскай, а таксама Данецкай і Луганскай абласьцей, абяцаюць аднаразовую кампэнсацыю па праграме «Земскі настаўнік» — 2 мільёны рублёў (гэта 19 тысяч даляраў у эквіваленце).

«Насаджаюць ідэю „русского мира“»

Ва Ўкраіну прыяжджаюць працаваць настаўнікі з розных рэгіёнаў Расеі, кажа дэпутат Генічаскага гарсавету Юльян Лучко.

«У большасьці выпадкаў гэта камандзіраваныя настаўнікі з аддаленых рэгіёнаў Расеі, ведаю, ёсьць і зь Цюмені, але агульнай карціны няма, іх мала — камандзіраваных настаўнікаў», — кажа Лучко.

Валянціна Патапава

Валянціна Патапава, кіраўніца аддзелу нацыянальнай адвакацыі Цэнтру грамадзянскай адукацыі «Альменда», таксама пацьвярджае, што пераяжджаць згодныя пераважна працаўнікі з аддаленых рэгіёнаў Расеі.

Пераезд выглядае выгадным як для саміх настаўнікаў, так і для акупацыйных уладаў. Бо спэцыялісты спадзяюцца на грашовыя прэміі, а акупацыйнае кіраўніцтва імкнецца вырашыць ідэалягічныя праблемы.

«Больш за ўсё паведамленьняў пра тое, што настаўнікаў прывозяць з Дагестану, таму што на гэтую тэрыторыю быў вельмі вялікі ідэалягічны ціск. Каб як мага хутчэй забіць ідэі сэпаратызму. Там было шмат розных праграм. І таму, як мне здаецца, за апошнія 30 гадоў яны выхоўваюць настаўнікаў, здольных прышчапляць ідэю „русского мира“. Таксама вядома, што настаўнікаў завозяць з такіх рэгіёнаў, як Цюмень і іншыя аддаленыя раёны Расеі. Бо эканамічная сытуацыя там вельмі складаная. А тут ёсьць грошы, так званыя „пад’ёмныя“, якія даюць настаўнікам магчымасьць вырашаць нейкія праблемы», — тлумачыць Патапава.

Украінскія настаўнікі, якія працавалі падчас акупацыі, рызыкуюць трапіць пад сьледзтва на тэрыторыі, падкантрольнай украінскім уладам. Бо ажыцьцяўленьне грамадзянінам Украіны ва ўстановах адукацыі агітацыі з мэтай садзейнічаньня збройнай агрэсіі Расеі разглядаецца ў Крымінальным кодэксе Ўкраіны як злачынства, якое караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 2 да 3 гадоў. Але нават тыя ўкраінскія настаўнікі, якія парушылі закон і працуюць у акупаваных школах паводле расейскіх стандартаў, па-ранейшаму не выклікаюць даверу расейскіх уладаў, адзначае Патапава.

Зьнішчэньне ўкраінскай літаратуры працягваецца

Таксама ў акупаваных школах расейскія ўлады працягваюць вынішчаць усё, што нагадвае пра Ўкраіну. 7 студзеня Цэнтар нацыянальнага супраціву паведаміў, што на часова акупаванай частцы Херсонскай вобласьці зьнішчаюць украінскую літаратуру ў бібліятэках. У прыватнасьці, творы клясыкаў літаратуры, выданьні пра Галадамор і злачынствы камуністычнага рэжыму, падручнікі па гісторыі Ўкраіны.

Украінскай мовы ў школах няма, кажа начальнік Такмацкай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Запароскай вобласьці Раман Маладзецкі.

«Яны (акупацыйныя ўлады) спрабавалі неадкладна спыніць выкладаньне ўкраінскіх прадметаў у школах на ўкраінскай мове. Яны дагэтуль спрабуюць гэта зрабіць і прыцягваюць спэцслужбы, каб паўплываць на бацькоў дзяцей, паўплываць на ўкраінамоўных настаўнікаў, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі, адхіліць ад працы тых украінамоўных настаўнікаў, якія спрабавалі працягваць аказваць адукацыйныя паслугі на ўкраінскай мове. То бок гэты працэс дынамічны, і ўсё ж акупацыя спрабуе цалкам перайсьці на расейскамоўныя рэйкі. Але ёсьць пэўны супраціў, ёсьць людзі, якія вучаць сваіх дзяцей украінскай», — падкрэсьліў ён.

Украінскія ўлады прапануюць онлайн-навучаньне дзецям, якія застаюцца пад акупацыяй. З 1 верасьня 2025 году школьнікам будуць даступныя дзьве формы — дыстанцыйная або пэдагагічная. Апошні тып — індывідуальныя заняткі з выкладчыкамі па гнуткім графіку. Аднак рэалізаваць такую практыку складана, адзначае дэпутат з Генічаску Юльян Лучко.

«Калі ў сям’і ёсьць дзіця, то трэба паклапаціцца, каб яно наведвала школу. Калі яно ня пойдзе ў школу, адразу ўзьнікаюць пытаньні да бацькоў з пагрозамі пазбавіць іх бацькоўскіх правоў і забраць дзяцей у дзіцячы дом», — расказаў пра сытуацыю ў акупацыі дэпутат.

Падручнік геаграфіі на фоне руінаў школы, разбамбаванай расейскімі войскамі, Харкаў, 2022

Узмацненьне ціску на падлеткаў

Апошнім часам арганізоўваць навучаньне ва ўмовах акупацыі паводле ўкраінскіх стандартаў стала больш небясьпечна. 28 сьнежня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін зацьвердзіў Стратэгію супрацьдзеяньня экстрэмізму. Дакумэнт вызначае паняцьце «русафобія» як варожае і дыскрымінацыйнае стаўленьне да расейскіх грамадзян, мовы і культуры з боку недружалюбных дзяржаў.

Валянціна Патапава кажа, што «экстрэмізмам» можна лічыць так званую «фальсыфікацыю гісторыі» і непрызнаньне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну «міратворчай апэрацыяй».

На думку экспэрткі, украінскія ўлады павінны актыўна заяўляць пра ўціск школьнікаў ва ўмовах акупацыі. Бо на акупаваных тэрыторыях засталося паўтара мільёна дзяцей. Гэта больш, чым, напрыклад, усё насельніцтва Эстоніі.