Хроніка перасьледу 10 студзеня: зьняволенага анархіста Емяльянава зноў будуць судзіць

Мікіта Емяльянаў

У Беларусі ініцыююць новыя крымінальныя справы супраць тых, хто ўжо даўно за кратамі.

Новы суд над Мікітам Емяльянавым

Палітвязьня Мікіту Емяльянава, які больш за 5 гадоў знаходзіцца ў зьняволеньні, зноў будуць судзіць. Дзеяча анархічнага руху ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 году. У 2020-м яго асудзілі на 7 гадоў калёніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апэляцыйны суд зьменшыў тэрмін да 4 гадоў.

Пазьней Мікіту двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ 2 гады зьняволеньня за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШЫЗА, увесь час на яго чыняць ціск, паведамляюць праваабаронцы.

Цяпер Мікіту зноў будуць судзіць паводле арт. 411 КК. Суд распачнецца ўжо 15 студзеня. Палітвязьню могуць дадаць яшчэ 2 гады пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад незашпіленага гузіка да няветлівага прывітаньня. За што палітычным вязьням дадаюць новыя тэрміны

Суд над стаматолягам

У Менску стаматалягіню будуць судзіць за стварэньне тэлеграм-каналу «ШапитоДичь», даведалася «Вясна».

У Менскім гарадскім судзе 28 студзеня адбудзецца паседжаньне ў справе 33-гадовай Алены Елькінай. Яе абвінавачваюць у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «закліку да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу будзе разглядаць Алена Ананіч.

4 ліпеня 2024 году КДБ прызнаў тэлеграм-канал «ШапитоДичь» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Паводле ведамства, дачыненьне да яго мае Алена Елькіна. Праз пошук гэтая суполка цяпер не вызначаецца.

Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць са лекаркай-стаматолягам зь Віцебску — апошнія допісы ў яе сацыяльных сетках датаваныя траўнем 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 студзеня: жанчыну з інваліднасьцю будуць судзіць за «паклёп» на Лукашэнку