Колькасць загінуўшых у выніку пажараў у Каліфорніі павялічылася, паведамляе CNN са спасылкай на прадстаўніка дэпартамэнту судова-мэдыцынскай экспэртызы.
Паводле яго, да вечара 9 студзеня ён атрымаў інфармацыю пра 10 сьмерцяў, зьвязаных з пажарамі. Цяпер ідзе працэс ідэнтыфікацыі асобаў загінуўшых.
Лясныя пажары працягваюцца ў Каліфорніі ўжо некалькі дзён, з 7 студзеня. Лічыцца, што гэта адзін з самых разбуральных пажараў за ўсю гісторыю штату. Сытуацыю пагаршалі моцны парывісты вецер і нізкая вільготнасьць.
У Дэпартамэнце лясной гаспадаркі і пажарнай аховы Каліфорніі паведамілі, што пажарнікам удалося лякалізаваць узгараньне больш як на траціну. Па словах прадстаўніка пажарнай службы Лос-Анджэлеса, лякалізацыя пажараў будзе павялічвацца па меры паляпшэньня ўмоў надвор’я.
У выніку пажару тысячы дамоў і прадпрыемстваў былі зьнішчаныя, каля 180 тысяч чалавек эвакуаваныя. У выпадку распаўсюджваньня агню могуць быць эвакуаваныя яшчэ 200 тысяч чалавек. Улады заклікаюць жыхароў заставацца ў бясьпечных месцах.
Прэзыдэнт Джо Байдэн раней абʼявіў у штаце рэжым бедзтва для барацьбы з наступствамі надзвычайнага здарэньня і паскарэньня фэдэральнай дапамогі пацярпелым.
«Мы гатовы зрабіць усё, што спатрэбіцца, каб стрымаць пажары ў Паўднёвай Каліфорніі і дапамагчы ў аднаўленьні. Але мы ведаем, што гэта будзе страшэнна доўгі шлях. Федэральны ўрад тут, каб заставацца да таго часу, пакуль мы вам патрэбныя», — заявіў ён.