Менскі гарадзкі суд прысудзіў хрысьціянскаму прапаведніку і супрацоўніку дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі Мікалаю Хілу 4 гады зьняволеньня, паведаміла выданьне Politico. Эўрапейская служба замежных сувязяў (EEAS) ізноў запатрабавала яго вызваленьня.
Паводле ранейшых зьвестак праваабаронцаў, Мікалая Хілу судзілі паводле 2 артыкулаў: ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне варожасьці») і ч 3. арт 361 («Заклікі да санкцыяў») .
Вырак яму агучылі ў канцы 2024 году, але вынікі сталі вядомыя толькі цяпер, удакладняе выданьне.
Мікалая Хілу затрымалі 24 красавіка 2024 году. Спачатку інфармацыя аб тым, што ён зьяўляецца мясцовым супрацоўнікам прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, афіцыйна не паведамлялася. Ён больш вядомы як прапаведнік эвангелісцкай царквы «Дабравесьце».
Пасьля таго, як на 23 сьнежня 2024 году ў Менскім гарадзкім судзе быў прызначаны разгляд ягонай справы, EEAS публічна вызначыла сваю пазыцыю.
«Мы працягваем заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Мікалая Хілы», — заявіла пасьля вынясеньня прысуду Аніта Гіпэр, прадстаўніца ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі.
Па словах афіцыйнага прадстаўніка ЭЗ, які пажадаў застацца ананімным, Хілу затрымалі супрацоўнікі беларускага КДБ каля будынку дэлегацыі ЭЗ, удакладняе Politico.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз запатрабаваў ад Беларусі вызваленьня хрысьціянскага прапаведніка – супрацоўніка дэлегацыі ЭЗ