На разьвітаньне з Джымі Картэрам прыйшлі ўсе пяць жывых прэзыдэнтаў ЗША. Фота, відэа

Дзейны прэзыдэнт Джо Байдэн выступае на разьвітаньні з 39-м прэзыдэнтам ЗША Джымі Картэрам

У ЗША праходзіць цырымонія разьвітаньня з 39-м прэзыдэнтам краіны Джымі Картэрам. Палітык памёр 30 сьнежня ва ўзросьце 100 гадоў. Трансьляцыю цырымоніі вядзе «Голас Амэрыкі».

Жалобную цырымонію праводзяць у Вашынгтоне ў Катэдральным саборы сьвятых Пятра і Паўла Эпіскапальнай царквы. На яе прыйшлі ўсе пяць жывых прэзыдэнтаў ЗША: дзейны прэзыдэнт Джо Байдэн, абраны Дональд Трамп, 44-ы прэзыдэнт Барак Абама, 43-і Джордж Буш — малодшы і ягоны папярэднік Біл Клінтан.

Цела Картэра ў труне з амэрыканскім сьцягам 7 студзеня выставілі ў будынку Капітолію для тых, хто хоча разьвітацца з палітыкам. За ўсю гісторыю ЗША так ушанавалі толькі 50 чалавек.

Зьлева направа, першы шэраг: Джо Байдэн і першая лэдзі Джыл Байдэн, віцэ-прэзыдэнт Камала Гарыс і яе муж Дуг Эмхаф, другі шэраг: Біл Клінтан, Гілары Клінтан, Джордж Буш і яго жонка Лора Буш, Барак Абама, Дональд Трамп і яго жонка Мэланія Трамп на разьвітаньні з Джымі Картэрам

Чатырохгадовы прэзыдэнцкі тэрмін Картэра з 1977 па 1981 год лічыцца няўдалым для амэрыканскай палітыкі. Ён разгромна прайграў выбары Рональду Рэйгану пры спробе пераабрацца, атрымаўшы толькі 49 галасоў выбарнікаў супраць 489 у свайго апанэнта. Аднак многія з дасягненьняў ягонай адміністрацыі, у тым ліку адкрытасьць да меншасьцяў, абарона правоў чалавека ўнутры краіны і ў сьвеце, прасоўваньне альтэрнатыўных крыніцаў паліва і дасягненьне мірнай дамовы паміж Ізраілем і Эгіптам, аказаліся важныя ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Пасьля сыходу зь Белага дома Картэр прысьвяціў жыцьцё дабрачыннасьці, праектам адукацыі, аховы здароўя і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. У 2002 годзе ён быў уганараваны за гэта Нобэлеўскай прэміяй міру.

Пасьля разьвітальнай цырымоніі цела Картэра перавязуць на самалёце ў ягоны родны штат Джорджыя, дзе ён будзе пахаваны на сямейным участку побач з жонкай Разалін. Яна памерла напрыканцы 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр 39-ы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр. Яму было 100 гадоў