«Сярэдняя тэмпэратура паветра склала +9,5°C і перавысіла кліматычную норму на 2,3°C», — удакладніла яна.
Станоўчая тэмпэратурная анамалія фіксавалася ўсе 11 месяцаў 2024 году. Вызначыўся толькі студзень: зафіксавалі самыя нізкія дадзеныя за год, а мінімум склаў −28,7°C (на станцыі «Езярышча»).
Абсалютны тэмпэратурны максымум паказаў ліпень 2024 году: на мэтэастанцыі «Жыткавічы» запісалі тэмпэратуру +37,9°C. У жніўні ў Беларусі зарэгістравалі трапічныя ночы: калі ў начны час мінімальная тэмпэратура паветра знаходзілася на адзнацы +20°C і больш.
У сьпісе рэкардсмэнаў таксама верасень 2024 году — ён стаў самым цёплым за ўсю гісторыю мэтэаназіраньняў. Сярэдняя тэмпэратура па Беларусі ў верасьні перавысіла норму на 4,8°C і склала +17,5°C. Абсалютны максымум быў +27°C, прычым яго зафіксавалі на большай частцы краіны. Менавіта ў верасьні фіксавалі самыя працяглыя хвалі цяпла за ўвесь год. Прычынай стаў магутны антыцыклйн над эўрапейскай тэрыторыяй Расеі, які не прапускаў цыклёны і атмасфэрныя франты з Заходняй Эўропы і прадоўжыў беларусам лета амаль на месяц.
«Апошняе дзесяцігодзьдзе сярэдняя гадавая тэмпэратура паветра ўсё часьцей перавышае адзнаку 8,5 градуса пры гадавой норме 7,2 градуса. Да 2015 году такіх высокіх тэмпэратур не адзначалася. Самым цёплым быў 2020 год з тэмпэратурай 9,1 градуса. Але 2024 год пабіў гэты рэкорд», — адзначыла Вольга Бакланава.
Паводле прадстаўніцы Белгідрамету, студзень і люты 2025 году для беларусаў таксама, хутчэй за ўсё, будуць цяплейшыя чым звычайныя — з імавернасьцю 60-75%.
Таксама чакаецца перавышэньне нормы ападкаў — ад 30 да 75 % вышэй за кліматычную норму. Яна ўдакладніла, што гэты прагноз пакуль «носіць кансультатыўны характар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: апошнія 10 гадоў былі рэкордна гарачымі за ўсю гісторыю назіраньняў. Наколькі пацяплела ў Беларусі