Сэрвіс для падачы калектыўных зваротаў Petitions.by унесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Скрыншот сайту Petitions.by

Сайт «Petitions.by зручны горад» занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які вядзе Міністэрства інфармацыі.

Рашэньне аб прызнаньні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй сайту, яго акаўнтаў у Instagram, Facebook, Telegram, а таксама Telegram-чату «Клуб Камэнтатараў Petitions.by» было прынята судом Цэнтральнага раёну Менску 30 сьнежня 2024 году, паведаміла «Вясна».

Petitions.by — сэрвіс для падачы публічных калектыўных зваротаў да органаў улады. У 2021 годзе сайт быў заблякаваны ў Беларусі. Паводле ўладаў, на сайце нібыта вялі «збор подпісаў пад пэтыцыямі пратэставага характару», а таксама публікаваліся пэтыцыі, якія зьмяшчаюць «інфармацыю, што дыскрэдытуе заканадаўчую сыстэму Беларусі, дзейнасьць Нацыянальнага сходу, ЦВК, заклікі прызнаць несапраўднымі прэзыдэнцкія выбары».

  • Плятформа электронных пэтыцый Petitions.by была створаная, каб грамадзяне маглі «калектыўна ці індывідуальна зьвярнуцца да беларускіх чыноўнікаў самага рознага ўзроўню па вырашэньне праблем двара, вуліцы, раёна, горада, усёй краіны».
  • На ёй публікуюцца электронныя пэтыцыі, а пасьля таго як пад зваротам зьбіраецца дастатковая колькасьць подпісаў, яна накіроўваецца ў адказны за вырашэньне пытаньня дзяржаўны орган.
  • Апошнія пэтыцыі, апублікаваныя на сайце, датычыліся праблем з даступным асяродьдзем у Баранавічах, зацяканьня сутарэння ў доме па вул. Гогаля ў Полацку, выкарыстаньня пэтардаў у спальных раёнах у навагоднюю ноч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарадзенцы сабралі подпісы за помнік Быкаву. У гарвыканкаме адказалі на пэтыцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы папрасілі Мінздароўя зрабіць прышчэпку ад кляшчоў бясплатнай для ўсіх. У ведамстве адказалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні зьбіраюць подпісы за вяртаньне мэмарыяльнай дошкі Касцюшку на сьцяну Новага замка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не нясуць у сабе аніякага сэнсу». Жыхары Астраўца стварылі пэтыцыю супраць назваў новых вуліц, прапанаваных уладамі