Генэральная пракуратура Нямеччыны прад’явіла абвінавачаньні ў шпіянажы і падрыхтоўцы дывэрсіяў траім грамадзянам Расеі. Усе трое маюць таксама грамадзянства Нямеччыны, піша «Настоящее время».
Ведамства называе толькі імёны і першыя літары прозьвішчаў расейцаў — Дытэр С., Аляксандар Й. і Алекс Д. Іх абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежнай спэцслужбай. Дытэру С. таксама ставяцца ў шпіёнская дзейнасьць у мэтах дывэрсіі, падрыхтоўка выбуху з наступным падпалам, гатоўнасьць да небясьпечнага ўмяшаньня ў чыгуначныя зносіны і здымка ваенных аб’ектаў.
Па вэрсіі сьледзтва, Дытэр С. са сьнежня 2014 году ўдзельнічаў у баях ва Ўсходняй Украіне на баку так званай «ДНР», дзе пазнаёміўся з мужчынам, які ваяваў там і працаваў у адной з расейскіх спэцслужбаў.
З кастрычніка 2023 году Дытэр С. абменьваўся зь ім інфармацыяй пра магчымыя дывэрсіі ў Нямеччыне. Гэтыя дзеяньні, як сьцьвярджаецца, былі накіраваныя на падрыў вайсковай падтрымкі, якую Нямеччына надае Ўкраіне. Дытэр С. паведаміў свайму суразмоўцу, што гатовы зьдзейсьніць выбухі і падпалы аб’ектаў вайсковай інфраструктуры і прамысловых аб’ектаў, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
У ходзе падрыхтоўкі да дывэрсіяў Дытэр С. сабраў інфармацыю пра патэнцыйныя цэлі ў Баварыі: ён здымаў вайсковыя аб’екты і грузы, пасьля чаго адпраўляў іх свайго знаёмаму. Сярод аб’ектаў шпіянажу былі аб’екты ўзброеных сіл ЗША і пагрузачная станцыя ў Верхнім Пфальцы, а таксама кампанія па вытворчасьці інструмэнтаў. З сакавіка 2024 году яму пачалі дапамагаць Аляксандар І. і Алекс Д.
Дытара С. арыштавалі ў красавіку 2024 году. Яго абвінавацілі таксама ва ўдзеле ў дзейнасьці «замежнай тэрарыстычнай арганізацыі» — так званай «ДНР» — і падрыхтоўцы гвалтоўнага злачынства зь небясьпекай для сувэрэннай дзяржавы. На той момант расьсьледаванне справы аб шпіянажы яшчэ не было завершана.
Аляксандар І. і Алекс Д. знаходзяцца на волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледнік Хрыста Грозеў: агенты ГРУ, датычныя да атручэньня Скрыпалёў, навучаюць людзей для арганізацыі дывэрсіяў у Эўропе