Міністар транспарту Азэрбайджану: Парэшткі самалёта і паказаньні сьведак даюць падставу казаць аб умяшаньні звонку

На месцы катастрофы самалёта Azerbaijan Airlines у Казахстане

Адразу пасьля крушэньня самалёта Embraer 190 авіякампаніі Azerbaijan Airlines (AZAL) у Азэрбайджане была створаная ўрадавая камісія па расьследаваньні катастрофы.

Як паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва АЗЭРТАДЖ, чальцы камісіі былі камандзіраваны ў горад Актаў у Казахстане, дзе ўпаў самалёт, для азнаямленьня на месцы з падрабязнасьцямі катастрофы.

Адзін з чальцоў камісіі, міністар лічбавага разьвіцьця і транспарту Азэрбайджану Рашад Набіеў, заявіў: «Пацярпелыя пасажыры і бортправаднікі, якія выжылі, распавялі, што пачулі выбух, калі самалёт знаходзіўся над Грозным. Адзін з бортправаднікоў нават атрымаў раненьне ў руку. Акрамя таго, з кадраў, распаўсюджаных у сацыяльных сетках і мэдыя, можна ўбачыць, што адна з жанчын атрымала траўмы рукі і нагі. Таксама на крыле самалёта можна ўбачыць прабоіны. У салёне паветранага судна, на фюзэляжы маюцца пашкоджаньні ў выніку ўдару розных вострых ці староньніх прадметаў звонку. Пацярпелыя, якія зьяўляюцца грамадзянамі Расеі, таксама распавялі, што чулі тры выбухі падчас палёту над Грозным».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджанскі парлямэнтар лічыць вялікай імавернасьць таго, што Расея зьбіла пасажырскі самалёт

Паводле азэрбайджанскага міністра, адразу пасьля ў друку пісалі, што самалёт сутыкнуўся са зграяй птушак. Але першапачатковая выснова экспэртаў палягае ў тым, што абломкі самалёта на зямлі і паказаньні сьведак даюць падставу гаварыць аб умяшаньні звонку. «Аднак сьледзтва вызначыць, якім відам зброі было ўчыненае зьнешняе ўмяшаньне» — сказаў Набіеў.

Паводле міністра «экіпаж самалёта зьдзейсьніў найбольш аптымальную пасадку, праявіўшы гераізм. У выніку была выратавана большая частка людзей, якія знаходзіліся ў самалёце».

Ён таксама паведаміў, што карыстаючыся сваім правам, Азэрбайджан прыцягнуў да расьсьледаваньня міжнародных кансультантаў.

«Калі паглядзець заяву афіцыйных асобаў Казахстана, то яны спасылаюцца на сьцьвярджэньне дыспэтчара ў Растове аб тым, што ў самалёце адбыўся выбух кіслароднага балёна. Лічым, што найперш неабходна праверыць дакладнасьць гэтай інфармацыі. Гэтая інфармацыя прадстаўленая ад зацікаўленага боку. У сувязі з фактамі, якія абвяргаюць гэта, таксама адзначу, што выбухі былі чутныя звонку», — дадаў азэрбайджанскі міністар.