Кроніка вайны: Бесьпілётнікі ўдарылі па Казані. Расея зноў атакавала Харкаў

Дрон Байрактар TB2, ілюстрацыйнае фота

У ноч на 21 сьнежня Расея зноў атакавала Харкаў «Шахедамі» — удар зафіксаваны па Кіеўскім раёне, паведаміла абласная адміністрацыя.

Дрон урэзаўся ў дзевяціпавярховы жылы будынак. У выніку атакі пацярпелі 6 чалавек, у тым ліку 12-гадовая дзяўчынка.

Празь некалькі гадзін яшчэ адзін дрон пацэліў у прыватны дом, пачаўся пажар. Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што ў выніку пацярпелі два чалавекі.

У Казані адзін за адным у жылы дом уляцелі два бесьпілётнікі. Відэа апублікаваў Telegram-канал Shot.


Бесьпілётнікі ўрэзаліся ў 37-павярховы жылы комплекс прэміюм-клясы «Блакітнае неба», піша Shot з спасылкай на відавочцаў. Па іх словах, у будынку пачаўся пажар, прылеглая тэрыторыя ачэпленая. Жыхароў выводзяць па лесьвіцах. Інфармацыі аб пацярпелых няма.

У мэрыі Казані пацьвердзілі пажары, спрычыненыя бесьпілётнікамі, у трох раёнах гораду


Раней сёньня Мінабароны Расеі паведаміла аб зьбіцьці ўкраінскага бесьпілётніка над Татарстанам каля 7:50 маскоўскага часу.


У аэрапорце Іжэўску праз напады на Казань прыпыненыя палёты, паведаміў кіраўнік Удмуртыі Аляксандар Брачалаў. Увялі абмежаваньні на працу аэрапорту ў Саратаве.

  • Паводле дадзеных ААН, ва Ўкраіне ад пачатку поўнамаштабнай вайны, разьвязанай Расеяй, загінулі 12340 цывільных асобаў, яшчэ 27836 чалавек былі параненыя.
  • Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць кропкавыя ўдары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны, забіваючы мірных жыхароў і руйнуючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб'екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.