У Магдэбургу аўтамабіль уехаў у натоўп на калядным рынку. Есьць ахвяры

Ілюстрацыйнае фота. Калядны рынак у адным зь нямецкіх гарадоў.

У Магдэбургу ў цэнтральнай частцы Нямеччыны аўтамабіль уехаў у натоўп на калядным рынку, паведамляюць нямецкі друк і міжнародныя агенцтвы, у тым ліку Reuters.

На месцы працуюць ратавальнікі і брыгады хуткай дапамогі. Паліцыя не выключае вэрсіі тэракту.

Кіроўца аўтамабіля быў арыштаваны, паведаміла агенцтва dpa са спасылкай на неназваных урадавых чыноўнікаў у зямлі Саксонія-Анхальт.

Паводле папярэдняй інфармацыі, маглі загінуць 11 чалавек, ня менш за 60 атрымалі раненьні, паведамляе Mitteldeutsche Zeitung. Афіцыйных зьвестак пра дакладную колькасьць ахвяр пакуль няма.

Інцыдэнт здарыўся каля 19 гадзіны па мясцовым часе. Калядны кірмаш разьмешчаны на галоўнай плошчы Магдэбургу, побач з ратушай. Там было шмат людзей. Цяпер квартал ачэплены, кіроўцаў і пешаходаў просяць пазьбягаць цэнтру гораду.

Па словах відавочцаў, кіроўца чорнага пазадарожніка пратараніў ахову кірмашу і вёў машыну зыгзагападобным курсам, каб зачапіць як мага больш пешаходаў.

Прадстаўнік зямельнага ўраду Матыяс Шупе расцаніў тое, што адбылося, як наўмысны напад.

Міністар унутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фазэр у канцы мінулага месяца заявіла, што сёлета няма ніякіх канкрэтных прыкмет небясьпекі для калядных кірмашоў, але было б разумна праяўляць пільнасьць.

Магдэбург, што на захад ад Берліну, — сталіца зямлі Саксонія-Анхальт, у ім жыве каля 240 000 чалавек.

  • 19 сьнежня 2016 году ў Бэрліне ісламскі экстрэміст урэзаўся ў натоўп наведвальнікаў каляднага кірмашу на грузавіку, у выніку чаго загінулі 13 чалавек і дзясяткі атрымалі раненьні. Нападнік быў забіты празь некалькі дзён у перастрэлцы ў Італіі.