КДБ унёс у «сьпіс тэрарыстаў» яшчэ дзевяць чалавек, у тым ліку былога палітвязьня Клюкача і заснавальніка клінікі «Новы зрок» Каўрыгіна

Сядзіба КДБ у Менску

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі 19 сьнежня ўнёс яшчэ дзевяць чалавек у сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

У пералік, апублікаваны ў тэлеграм-канале КДБ, уключаныя палітвязьні Юры Аверкаў, Зьміцер Сідарэнка, Эдуард Кашацян, Уладзімер Алісіевіч, Андрэй Валахановіч, Ежы Грыгенча (асуджаны завочна), Вікторыя Верас, былы палітвязень Ціхан Клюкач, у дачыненьні да якога вядзецца сьледзтва, і заснавальнік клінікі «Новы зрок» Алег Каўрыгін (асуджаны завочна).

Клюкач абвінавачваецца, а ўсе астатнія асуджаныя паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы). Верас — паводле арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацбясьпецы Беларусі).

Ціхан Клюкач пакінуў Беларусь, адбыўшы 1,5 года зьняволеньня за ўдзел у пратэстах. На волю выйшаў 9 сакавіка 2024 году.

Сьледчы камітэт Беларусі 13 сьнежня абвясьціў аб пачатку спэцвядзеньня ў дачыненьні да васьмі беларускіх добраахвотнікаў палку Каліноўскага, у тым ліку Клюкача.

У «сьпісе тэрарыстаў» 1311 пазыцыяў і 1219 чалавек.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 23 асобы. Цяпер у Беларусі такі статус маюць 1299 чалавек.

Палітвязьнямі прызнаныя асуджаныя — Дзьмітры Самсонаў, Вячаслаў Бародый, Валянціна Полаз, Мікалай Ласоўскі, Юры Аверкаў, Мікалай Клок, Павел Шорахаў.

Таксама ў сьпіс палітвязьняў унесеныя тыя, хто цяпер пад вартай — Барыс Пухальскі, Іван Ліхалат, Іван Бародзіч, Сяргей Горлаў, Марэт Валюк, Сьвятлана Якубовіч, Аляксандар Кудрэвіч, Юры Ганінс, Марына Мышко, Андрэй Сьлізевіч, Ганна Курыс, Аляксандар Дарагакупец.

Праваабаронцы патрабуюць у беларускіх уладаў неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Апроч «Вясны», адпаведную заяву падпісалі Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, «Прававая ініцыятыва», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН, Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Respect-Protect-Fulfill.