«Наша Ніва»: з Нацыянальнага гістарычнага архіву звальняюць 8 чалавек

Шыльда на будынку Нацыянальнага гістарычнага архіву ў Менску, Беларусь

Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».

Праз тыдзень пасьля прызначэньня новага дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіву зьявілася інфармацыя, што з установы звальняюць 8 чалавек. У пятніцу 25 жніўня ў іх апошні працоўны дзень.

Як вядома «Нашай Ніве», звальняюць пераважна тых, хто нядаўна трапіў пад затрыманьні і ператрусы.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) у Менску 16 жніўня супрацоўнікі КДБ затрымалі сама меней 7 чалавек. Сярод затрыманых — намесьнік дырэктара па навуцы і загадчыкі аддзелаў.

Новага дырэктара ўстановы прызначылі 14 жніўня. Ім стаў Міхаіл Глушакоў, які працаваў да гэтага кансультантам аднаго з дэпартамэнтаў Міністэрства юстыцыі. Раней працяглы час служыў у КДБ.

Ранейшым дырэктарам архіву (травень 2022 – студзень 2023) быў генэрал-маёр Алег Воінаў, які цяпер займае пасаду дырэктара Дэпартамэнта архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі. Пры ім з палітычных матываў з Нацыянальнага гістарычнага архіву звольнілі больш за 15 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі масавыя затрыманьні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыянальны гістарычны архіў узначаліў былы супрацоўнік КДБ