Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Валянціну Мацьвіенку ордэнам Францішка Скарыны 3 красавіка 2019 году да яе 70-годзьдзя. Як сказана ва ўказе, «за значны асабісты ўклад ва ўмацаваньне дружалюбных адносін і разьвіцьцё супрацоўніцтва» паміж Беларусьсю і Расеяй.
Валянціна Мацьвіенка прыбыла ў Беларусь 5 сакавіка, каб удзельнічаць у паседжаньні аргкамітэту VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. У праграме візыту — сустрэчы з кіраўнікамі абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу і Аляксандрам Лукашэнкам, які і ўручыў ёй ордэн Скарыны.
Свабода разьбіралася, які і куды зрабіла «ўклад» Мацьвіенка.
Хто такая Валянціна Мацьвіенка
Валянціна Мацьвіенка — доўгажыхарка ў расейскай палітыцы, летась яе трэці раз абралі старшынёй Савету фэдэрацыі Расеі. Гэтую пасаду яна займае з 2011 году.
Мацьвіенка нарадзілася ва Ўкраіне, аднак праз стаўленьне да анэксіі Крыму і сытуацыі на Данбасе яе называюць «сымбалем анэксіі і вайны». Пад яе кіраўніцтвам у 2014 годзе Савет фэдэрацыі даў прэзыдэнту Расеі права ўвесьці «абмежаваны кантынгент» расейскіх войскаў у Крым дзеля «бясьпекі грамадзян Расеі», якія там жывуць.
Часта кажа пра «саюзную дзяржаву» і «інтэграцыйныя працэсы»
Фактычна ад пачатку свайго сьпікерства Валянціна Мацьвіенка спрычынялася да форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расеі.
Пра інтэграцыйныя працэсы Мацьвіенка выказвалася з пазыцыі расейскіх інтарэсаў.
У 2013 годзе яна заявіла, што ўмацаваньне пазыцыяў расейскай мовы стане магутным абʼяднаўчым фактарам на эўразійскай прасторы.
У 2015 годзе Мацьвіенка сказала, што Расеі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі важная перамога кандыдата, які «працягне будаўніцтва Саюзнай дзяржавы».
Прапаноўвала ўвесьці «візу саюзнай дзяржавы»
У 2016 годзе апазыцыйныя палітыкі Рыгор Кастусёў і Алесь Міхалевіч абвінавацілі Валянціну Мацьвіенку ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі. Падставаю стала яе заява на Форуме рэгіёнаў у Менску, што ініцыятыва ЭЗ «Усходняе партнэрства» ня мае «ніякіх практычных плюсаў».
Гэтак жа апазыцыйныя палітыкі адрэагавалі на ініцыятыву Мацьвіенкі ўвесьці агульную візу «саюзнай дзяржавы». Палітыкі назвалі гэта чарговай спробай умяшаньня ва ўнутраную і замежную палітыку Беларусі і навязваньня «інтэграцыйных» працэсаў толькі ў інтарэсах Расеі. Яны запатрабавалі ад Мацьвіенкі «спыніць усялякія выказваньні і прапановы ў пытаньнях расейска-беларускай інтэграцыі».
Дамагаецца скасаваньня роўмінгу і адзінай валюты
У 2017 годзе Валянціна Мацьвіенка прапанавала скасаваць роўмінг паміж Расеяй і Беларусьсю, аднак дагэтуль роўмінг застаецца.
У 2019 годзе годзе Мацьвіенка заявіла, што Расея і Беларусь у рамках «саюзнай дзяржавы» павінны будуць прыйсьці да адзінай валюты.
Валяніцна Мацьвіенка мае шэраг узнагародаў, сярод якіх узнагарода сэрбскага фонду братоў Карычаў «За ўмацаваньне міру, дэмакратыі, супрацоўніцтва і дружбы паміж народамі».
Да свайго 60-годзьдзя ў 2009 годзе Мацьвіенка атрымала беларускі Ордэн Дружбы народаў — «за значны ўнёсак у саюзнае будаўніцтва, умацаваньне сяброўскіх адносінаў, адзінства народаў Беларусі і Расеі».
Цікавыя факты пра Валянціну Мацьвіенку
- Валодае ўкраінскай, нямецкай, ангельскай і грэцкай мовамі
- Працавала паслом Расеі на Мальце і Грэцыі
- У 2003-2011 гадох была губэрнатаркай Санкт-Пецярбургу
- Ужо 17 сакавіка 2014 году, за дзень да абвяшчэньня аб далучэньні Крыму да РФ, да Матвіенкі ў ЗША ўвялі санкцыі: забарона на ўезд, а таксама арышт актываў і ўласнасці на тэрыторыі ЗША. Аналягічныя санкцыі прынялі таксама краіны Эўразьвязу, Канада, Швайцарыя і Аўстралія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баскаў, Пуцін, Кардэн — каго яшчэ ўзнагародзіў Лукашэнка?