Увечары 8 лютага каля гомельскай кавярні «The Box 99» двое мужчын зьбілі дырэктара гэтай кавярні, які заступіўся за дзьвюх дзяўчат. Nexta і «Наша Ніва» са спасылкамі на ўласныя крыніцы пішуць, што падазраваныя — супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
У КДБ Свабодзе сказалі, што «на дадзены момант не камэнтуюць гэтую сытуацыю». У адміністрацыі кавярні паведамілі, што яны «ўсе далі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў крымінальнай справы ў Сьледчым камітэце».
Як адбылася бойка
Гомельскае выданьне «Сильные новости» расказвала, што двое п’яных мужчын зайшлі ў кавярню каля 18 гадзіны. Яны зрабілі замову, «селі за стол да дзяўчат-падлеткаў і сталі да іх прыставаць». Дзяўчаты сабраліся сыходзіць, мужчыны пачалі зрываць зь іх курткі. Дырэктар кавярні ўмяшаўся ў канфлікт.
Мужчыны паклікалі дырэктара «паразмаўляць на вуліцу». Адзін пачаў зьбіваць яго, пакуль той ня страціў прытомнасьць. Дырэктара шпіталізавалі, дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму. Сын пацярпелага казаў Tut.by, што пасьля бойкі нападнікі «вярнуліся ў кавярню, даелі піцу і сышлі».
Сьледчы камітэт апісвае здарэньне падобным чынам. Адносна здарэньня крымінальную распачалі справу за «хуліганства» — ч.1 арт. 339 КК РБ прадугледжвае пакараньне штрафам, грамадзкімі працамі, папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, арышт, абмежаваньне волі да 2 гадоў або пазбаўленьне волі да 3 гадоў.
Затрыманы 43-гадовы беспрацоўны жыхар Менску, які сам прыйшоў з павіннай да праваахоўнікаў. Сьведкам праходзіць ягоны спадарожнік, 42-гадовы мянчук.
Што пішуць пра нападнікаў і КДБ
Як сьцьвярджае Telegram-канал Nexta, адзін з нападнікаў сам прыйшоў здавацца да праваахоўнікаў — гэта аказаўся «звольнены на днях супрацоўнік КДБ». Спачатку канал сьцьвярджаў, што гэта быў былы начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзелу цэнтральнага апарату КДБ Дзьмітры Пабяржын. Але пазьней канал заявіў, што той праходзіць як сьведка, і дадаў, што падазраваны — «начальнік аддзелу абароны канстытуцыйнага ладу».
Журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч са спасылкай на ўласныя крыніцы таксама піша, што Пабяржын не падазраваны, а сьведка, і «ў час усяго стаяў побач», а падазраваны — «начальнік аддзелу абароны канстытуцыйнага ладу».
Сам Пабяржын заявіў «Нашай Ніве» наступнае:
«Тое, што пішуць у інтэрнэце, што я падазраваны, гэта няпраўда. Я не падазраваны, я гэтага злачынства не ўчыняў», — сказаў ён і адмовіўся ад далейшых камэнтароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў
Што кажуць у кавярні
Ад кавярні «The Box 99» да Гомельскага абласнога ўпраўленьня КДБ — літаральна сто мэтраў. Установа папулярная сярод моладзі.
«Цяпер дырэктар у шпіталі, — расказвае супрацоўнік кавярні. — Яму 49 гадоў. У яго стабільна-цяжкі стан. Дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, пералом костак чэрапу і ацёк мозгу. Ён у прытомнасьці».
Падзеі суботняга вечару ў кавярні адмовіліся пераказваць:
«Мы ўсе падпісалі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў крымінальнай справы, у Сьледчым камітэце. Адмовіцца мы не маглі. Відаць, гэта зьвязана: мы чыталі ў навінах, з тым, што зьбілі дырэктара супрацоўнікі КДБ».
Ды ў кавярні кажуць, што дырэктара зьбіў не Пабяржын:
«Спачатку ў навінах, ня памятаем, дзе, было правільнае прозьвішча, а потым няправільнае — Пабяржын. А гэта не Пабяржын».