У расейскім горадзе Екацерынбургу невядомыя ўчынілі хуліганскі напад на аддзяленьне амбасады Беларусі, піша Ura.ru. Мяркуецца, гэта адбылося ў ноч на 25 лістапада.
Ці змаглі зламысьнікі трапіць у памяшканьне, невядома. Але на першым паверсе будынка ў самым цэнтры гораду разьбітае шкло.
Чырвона-зялёны сьцяг на будынку спалілі, застаўся толькі абпалены абрывак, як бачна з фота выданьня «Новый день».
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пацьвердзіў Tut.by, што пашкоджаньне маёмасьці амбасады сапраўды было, цяпер «вядзецца разбор, высьвятляюцца ўсе абставіны».