Мінпрацы растлумачыла, чаму не скасуе кантрактную сыстэму

Удзельнікі «Маршу недармаедаў» у Берасьці, 2017 год. Сярод патрабаваньняў «Маршаў недармаедаў» было і скасаваньне кантрактнай сыстэмы

На сайце Petitions.by зьявіўся афіцыйны адказ на зварот з патрабаваньнем скасаваць тэрміновы працоўны кантракт як форму найманьня працаўнікоў. Аўтар пэтыцыі мяркуе, што такая форма дае наймальніку права «бязь лішніх тлумачэньняў разьвітацца з працаўніком» па заканчэньні кантракту.

Адказ на зварот даў намесьнік міністра працы Ігар Старавойтаў — і разгорнута абгрунтаваў адмову. У адрозьненьне ад «звычайных» кароткіх адказаў на пэтыцыі, ягоны заняў аж тры старонкі.

Чаму людзям не падабаецца кантрактная сыстэма

Кантрактная сыстэма была ўведзеная ў 1999 годзе. Яна выклікала абурэньне некаторых працаўнікоў тым, што кантракты можна заключаць толькі на год і не працягваць без тлумачэньняў (згодна з падлікамі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, на 1 год у краіне заключана каля 30% кантрактаў). Таксама сыстэма дазваляе кіраўнікам арганізацыяў на тэрмін кантракту:

  • пазбаўляць працаўнікоў прэміяў або разрываць кантракты раней за тэрмін з шэрагу прычынаў;
  • мяняць умовы кантрактаў з вытворчых, арганізацыйных ці эканамічных прычын (пры нязгодзе — звальненьне);
  • не звальняць працаўніка да заканчэньня кантракту, нягледзячы на яго жаданьне.

Пікет на стадыёне фабрыкі «Славянка» ў Бабруйску, 7 кастрычніка 2016 году

Незалежныя прафсаюзы ня раз называлі кантрактную сыстэму рэпрэсіўнай. Супраць кантрактнай сыстэмы пратэставалі і апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, і простыя грамадзяне. Так, кантракты часта згадваліся ў патрабаваньнях удзельнікаў нядаўніх «Маршаў недармаедаў». Беларусь уключаная ў міжнародны сьпіс парушальнікаў правоў працоўных і прафсаюзаў.

Што адказала Мінпрацы, коратка

Намесьнік міністра працы Ігар Старавойтаў

Паводле намесьніка міністра працы, кантракт — рэч добраахвотная, якая заключаецца са згоды абодвух бакоў, а наймальнікі ў большасьці галінаў не абавязаныя заключаць менавіта кантракты, а ня іншыя формы працоўных дамоваў.

Таксама, паводле Старавойтава, сыстэма тэрміновых кантрактаў:

  • накіраваная на забесьпячэньне дысцыпліны і парадку, падвышэньне адказнасьці і працаўніка, і наймальніка;
  • забясьпечвае гнуткасьць працоўных стасункаў і рацыянальную арганізацыю працы;
  • дазваляе працаўніку самому звольніцца без тлумачэньня прычынаў па завяршэньні кантракту;
  • дазваляе наймальніку «замацаваць працаўніка ў арганізацыі»;
  • бароніць правы асобных катэгорыяў працаўнікоў, як то жанчын у дэкрэтным адпачынку або асобаў перадпэнсійнага ўзросту;
  • не абмяжоўвае права наймальніка заключаць бестэрміновыя кантракты.

«У цяперашні час і працаўніку, і наймальніку дадзенае права выбару пры вызначэньні тэрміну працоўных стасункаў у канкрэтнай сытуацыі, — запэўнівае Старавойтаў. — Пры гэтым часьцяком працаўнікі не сьпяшаюцца заключаць працоўны кантракт на нявызначаны тэрмін, жадаючы атрымаць або захаваць дадзеныя ім працоўныя гарантыі, вызначаныя кантрактам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для беларусаў парадак важнейшы за іхныя правы, але зь дзяржавай лепей ня зьвязвацца, — апытаньне