Адзін памёр, другі ў рэанімацыі, яшчэ два прапалі. У Бярозаўскім раёне спрабавалі выратаваць сябра, які праваліўся пад лёд

Ратавальнікі на возеры Чорнае ля вёскі Пескі Бярозаўскага раёну

У возеры Чорнае ля вёскі Пескі Бярозаўскага раёну 25 лютага чацьвёра праваліліся пад лёд, расказвае Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Ратавальнікі дасталі з вады беспрацоўнага мужчыну 1969 году, ён шпіталізаваны з агульным пераахалоджаньнем, а таксама мужчыну 1968 году ў непрытомным стане, які памёр на месцы, нягледзячы на спробы рэанімаваць яго.

Яшчэ два чалавекі зьніклі бязь зьвестак — мяркуецца, патанулі. 26 лютага іх будуць шукаць пад вадой.

Абставіны здарэньня не раскрываюцца — невядома, рыбачылі мужчыны ці проста хадзілі па лёдзе.

Што рабіць, калі чалавек праваліўся пад лёд

МНС пэрыядычна выпускае папярэджаньні наконт паводзінаў на лёдзе, публікуе матэрыялы пра рызыку знаходжаньня на ім. У ледзяной вадзе дастаткова некалькіх хвілінаў, каб арганізм быў пераахалоджаны да стану, калі немагчыма аднавіць жыцьцёва важныя функцыі арганізму.

Калі чалавек праваліўся пад лёд, МНС рэкамэндуе не панікаваць: клікаць дапамогу, старацца трымацца на вадзе і не спрабаваць выбрацца мітусьліва, бо так можна толькі абламаць лёд вакол сябе.

«Перасоўвайцеся да таго краю палонкі, адкуль ідзе плынь, — раіць МНС. — Дабраўшыся да краю, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбірайцеся на лёд. Не пакідайце спробаў выбрацца, нават калі лёд ламаецца. Пасьля таго, як асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адкаціцеся далей ад палонкі. Павольна і асьцярожна паўзіце да бясьпечнага месца, адштурхваючыся рукамі і нагамі».

Каб дапамагчы чалавеку, які тоне, не рэкамэндуюць набліжацца да краю лёду — трэба легчы на жывот на максымальна магчымай дыстанцыі ад краю, працягнуць палку або нейкае адзеньне, за якое можа ўхапіцца чалавек, які праваліўся.

Калі чалавека выцягнулі зь ледзяной вады, трэба ў кожным разе выклікаць хуткую дапамогу, бо ў шокавым стане пацярпелы можа не заўважыць зьменаў у арганізме. Варта зьняць з выратаванага мокрае адзеньне, захутаць у коўдру, даць піць гарачае. Таксама пры магчымасьці пакласьці пацярпелага ў цёплую ваду (тэмпэратуры чалавечага цела, каля 37 градусаў), але нельга класьці выратаванага ў гарачую ваду, бо ад перападу тэмпэратураў можа ня вытрымаць сэрца.