За выбарамі прэзыдэнта Ўкраіны будзе назіраць адзін беларускі дэпутат

Ілюстрацыйнае фота. На выбарчым участку ва Ўкраіне. 2015 год

Дэпутат Нацыянальнага сходу Беларусі будзе ўключаны ў місію назіральнікаў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ; дэлегацыі назіральнікаў ад СНД на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны 31 сакавіка ня будзе, як і расейскіх назіральнікаў.

Палата прадстаўнікоў атрымала паведамленьне зь Вены, дзе месьціцца штаб-кватэра АБСЭ, што беларускім дэпутатам зарэзэрвавана адно месца ў складзе місіі назіральнікаў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне.

Гэта паведаміў Свабодзе старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі:

«Пакуль я ня ведаю, хто дакладна будзе гэтым назіральнікам. Пытаньне знаходзіцца ў стане вырашэньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя Зяленскі і Лукашэнка

Ён дадаў, што дэлегацыю ад беларускага парлямэнту назіраць за прэзыдэнцкай кампаніяй не запрасілі.

«І, мабыць, ужо запрашэньня ня будзе. Усё ж гэта выбары прэзыдэнцкія, а не парлямэнцкія. Паколькі Ўкраіна прыняла палітычнае рашэньне аб выхадзе з СНД, то гэтым разам парлямэнцкая дэлегацыя Садружнасьці запрашацца ня будзе. Так што парлямэнцкае прадстаўніцтва Беларусі найхутчэй абмяжуецца адной асобай», — падсумаваў Варанецкі.

Раней старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына атрымала з Кіева запрашэньне на прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, якія маюць адбыцца 31 сакавіка 2019 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошыну запрасілі назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне

Старшыня ПА АБСЭ лічыць немэтазгодным, каб расейскія дэпутаты назіралі за ўкраінскімі выбарамі

Такую думку Георгі Цэрэтэлі выказаў на сустрэчы ў Вене з расейскай дэлегацыяй, якая ўдзельнічала ў зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі. Ён упэўнены, што прысутнасьць расейскіх назіральнікаў ва Ўкраіне можа стаць падставай для правакацыяў.

«Калі не рабіць гэтага, будзе лепш. Я лічу, што ў нейкай ступені гэта будзе правакацыйным рухам» — сказаў дзейны старшыня ПА АБСЭ.

Раней Украіна адмовілася прымаць назіральнікаў з Расеі як краіны-агрэсара, якая анэксавала Крым і падтрымлівае сэпаратыстаў на Данбасе, а таксама перанесла выбарчыя ўчасткі са сваіх дыпляматычных місій у Расеі ў іншыя краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна перанесла выбарчыя ўчасткі з Расеі у іншыя краіны. Але не ў Беларусь

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.

Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне

  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.

Ілюстрацыйнае фота