Беларусь паўдзельнічае ў вайсковых вучэньнях «Славянскае брацтва» ў Сэрбіі

Сэрбскія парашутысты, ілюстрацыйнае фота

Пра ўдзел Беларусі ў трохбаковых вучэньнях «Славянскае брацтва» ў Сэрбіі абвясьціў у Менску 13 лютага амбасадар гэтай краіны Велька Кавачавіч.

«У другой палове чэрвеня ў нашай краіне пройдуць вучэньні вайскоўцаў Беларусі, Расеі і Сэрбіі. Беларускі бок ужо пацьвердзіў свой удзел у іх. У нас і зь Беларусьсю, і з Расеяй стратэгічнае супрацоўніцтва», — заявіў дыплямат.

Ён дадаў, што вайсковыя дачыненьні паміж Менскам і Бялградам знаходзяцца «на вельмі высокім узроўні». У прыватнасьці, міністар абароны Сэрбіі Аляксандар Вулін летась двойчы наведваў Беларусь. На думку амбасадара, у справе супрацоўніцтва вайскоўцаў дзьвюх краін неўзабаве «можна чакаць канкрэтных крокаў».

На пытаньне Свабоды, ці не абцяжараць «Славянскае брацтва» пэрспэктывы ўступленьня Сэрбіі ў Эўразьвяз, Велька Кавачавіч адказаў, што трэба абавязкова разьдзяляць Эўразьвяз і NATO.

«Паглядзіце на геаграфічную мапу. Сэрбія з усіх бакоў акружаная краінамі Эўразьвязу. Гэта рэальнасьць, якую трэба і ўлічваць, і паважаць. Так, Сэрбія імкнецца далучыцца да Эўразьвязу. Але мы ніколі не казалі, што хочам увайсьці ў NATO. Бо пасьля бамбардаваньня нашай краіны войскамі гэтага блёку Сэрбія ніколі ня ўвойдзе ў NATO», — сказаў амбасадар.

Першыя вайсковыя вучэньні «Славянскае брацтва» прайшлі ў Расеі ў 2015 годзе. Затым яны адбываліся штогод на тэрыторыі кожнай з трох краін па чарзе. У 2017 годзе яны праходзілі ў Беларусі. У апошніх ад Беларусі былі задзейнічаныя 250 вайскоўцаў.

Амбасадар: «Мы пасьпяхова забудоўваем Менск»

Велька Кавачавіч сказаў, што ён задаволены тым, як ягоныя суайчыньнікі забудоўваюць беларускую сталіцу. Ён згадаў велізарны гандлёвы комплекс Dana Mall, іншыя сацыяльныя аб’екты. Дыплямат упэўнены: такое супрацоўніцтва працягнецца і надалей.

Два гады таму, калі тагачасныя прэм’еры Андрэй Кабякоў і Аляксандар Вучыч урачыста адкрылі Dana Mall, частка навасёлаў арганізавала акцыю пратэсту. Яны адзначалі, што будаўнікі вельмі завысілі цэны на кватэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэс-цэнтар на Кастрычніцкай плошчы: «Гэта не самавольнае будаўніцтва»

У Менску актыўна будуюць сэрбскія бізнэсоўцы браты Багалюб і Драгамір Карычы, уладальнікі міжнароднай групы кампаній Dana Holdings. Цяпер яны ўзводзяць комплекс «Мінск-Мір» (былы аэрапорт № 1).

У 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам надаў Драгаміру Карычу льготы пры забудове комплексу «Мінск-Мір» — яму дазволілі перанесьці тэрміны заканчэньня абʼекту з 2017 на 2020 год. У 2015 годзе Аляксандар Лукашэнка асабіста прымаў у Менску братоў Карычаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Браты Карычы і прэмʼеры Беларусі й Сэрбіі не пачулі падманутых дольнікаў «Маяка Менску»

Драгамір Карыч быў назіральнікам на выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 2015 годзе. Пасьля галасаваньня заявіў, што правядзеньню такіх выбараў «Захад можа пазайздросьціць».

У сакавіку 2009 году Аляксандар Лукашэнка на запрашэньне братоў Карычаў наведаў гарналыжны курорт Капаонік у Сэрбіі. Паводле сэрбскіх мэдыя, кіраўнік Беларусі правёў у клюбе ў кампаніі братоў Карычаў два вечары запар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматпавярховік пасярод менскай Дзіцячай чыгункі будуюць сэрбскія знаёмцы Лукашэнкі