Аляксандар Лукашэнка 14 студзеня сустракаўся ў Менску з кіраўніком замежнапалітычнага ведамства Вугоршчыны Петэрам Сыяртам. А размовы зь міністаркай замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсьль, якая наведвала Беларусь на наступны дзень, у яго не было.
На пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму аўстрыйскую міністарку не прымаў кіраўнік беларускай дзяржавы, пасол Беларусі ў Аўстрыі Алена Купчына адказала:
«Наколькі я ведаю, кіраўнік нашай дзяржавы ў гэты дзень быў моцна заняты іншымі справамі».
Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант пакуль недаступная для камэнтару.
Сапраўды 15 студзеня, паводле афіцыйнага сайту прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Лукашэнка разглядаў кадравыя пытаньні і сустракаўся зь міністрам нацыянальнай абароны Турэччыны Хулюсі Акарам.
Апрача таго назіральнікі зьвяртаюць увагу, што пасада якую займае Пэтэр Сыярта, афіцыйна называецца «міністар замежных спраў і вонкавага гандлю Вугоршчыны». Сустракаючыся зь ім, Лукашэнка выказваўся як раз пра гандаль:
«Можна казаць, што ў нас ёсьць таваразварот, па годзе ён вагаецца дзесьці ў межах 180-200 млн даляраў. Але давайце скажам адкрыта, што гэта сьмешная лічба, улічваючы нашы патэнцыялы, улічваючы тое, як нашы эканомікі былі ў свой час каапэраваныя. Гэта толькі пачатак. Мы гатовыя па ўсіх напрамках прасоўваць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына дасьць беларусам «найбольшыя льготы» ў атрыманьні шэнгенскіх візаўЯк адзначыў Аляксандар Лукашэнка, неабходна ўлічваць сяброўства Беларусі ў Эўразійскім эканамічным саюзе, яе добрыя стасункі з Кітаем і ўдзел у ініцыятыве «Адзін пояс — адзін шлях».
«Ужо цягнік (кантэйнэрныя перавозкі) ходзіць паміж Кітаем і Эўропай, лягістыка выбудаваная. Мы гатовыя тут прадстаўляць вашы інтарэсы. У той жа час мы разьлічваем, што вы як сябра Эўразьвязу, прытым вельмі самастойны, які мае сваю пазыцыю, будзеце нас падтрымліваць», — сказаў Лукашэнка міністру з Вугоршчыны.
Афіцыйная пасада госьці з Аўстрыі Карын Кайнсьль — «міністарка ў пытаньнях Эўропы, інтэграцыі і замежных спраў», да зьнешняга гандлю яна непасрэднага дачыненьня ня мае. Пры гэтым яна прызнала пасьля сустрэчы з беларускім калегам Уладзімерам Макеем, што «Аўстрыя застаецца найбуйнейшым фінансавым інвэстарам Беларусі» сярод краін Захаду.
15 студзеня Аляксандар Лукашэнка, калі размаўляў з новым амбасадарам Беларусі ў Францыі Ігарам Фясенкам, таксама падкрэсьліў, што «нас найперш цікавіць эканоміка».