МНС спыніла мараторый на праверкі супрацьпажарнага стану малога бізнэсу

Ілюстрацыйнае фота. Машыны МНС Беларусі

Міністар надзвычайных сытуацый Беларусі Ўладзімер Вашчанка заявіў, што мараторый на праверкі малога і сярэдняга бізнэсу на супрацьпажарны стан сябе не апраўдаў.

«На просьбу малога бізнэсу мы ўвялі мараторый на праверкі супрацьпажарнага стану. Але калі пачалі аналізаваць сытуацыю, то высьветлілася, што некаторыя кіраўнікі невялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў, якія абяцалі, што самі ажыцьцявяць эфэктыўную працу дзеля бясьпекі ад розных здарэньняў, папраўдзе альбо яе зусім не вялі, альбо вялі ў невялікіх памерах.

І без кантролю з нашага боку не заўжды і ня ўсё выконваецца. Я думаю, што менавіта таму колькасьць пажараў на прадпрыемствах у Беларусі ўзрасла, у некаторых абласьцях нават амаль удвая. Мы пераканаліся, што без кантролю не абысьціся, і вяртаемся да таго, як працавалі раней».

Паводле міністра, а праверкі пажарнымі малога і сярэдняга бізнэсу ўжо адноўленыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 334 парушэньні: МНС Беларусі апублікавала мапу з вынікамі праверак гандлёвых цэнтраў і кінатэатраў

МНС спыніла праверкі малога і сярэдняга бізнэсу ў лютым 2017 году. Гэта было зроблена пасьля ўказаньня Аляксандра Лукашэнкі, каб не замінаць працы прадпрымальнікаў. Намаганьні інспэктараў МНС былі сканцэнтраваныя на тлумачэньнях, працы ў калектывах, аказаньні мэтадычнай дапамогі кіраўнікам прадпрыемстваў.

Апрача таго, Уладзімір Вашчанка 16-га студзеня выказаўся наконт прафіляктыкі выбухаў бытавога газу — у сувязі са здарэньнямі ў расейскіх гарадах Магнітагорску і Шахты Растоўскай вобласьці.

«Пра гэта цяжка гаварыць, але нам хапіла і сваёй трагедыі ў Лагойску. Мы ўвесь час адсочваем сытуацыю, каб падобных выпадкаў не было, бо бытавы газ — гэта вельмі небясьпечна. Апошнім часам, на жаль, зьявілася і новая трывожная тэндэнцыя, калі хтосьці выкарыстоўвае бытавы газ для суіцыду. Такія выпадкі, на жаль, бываюць, і падчас іх гіне значна болей людзей, а ня толькі той адзін, хто вырашыў добраахвотна пайсьці з жыцьця».