Штогод у Беларусі на Вадохрышча купаюцца каля 160 тысяч чалавек, паведаміў старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратаваньня на водах Анвар Ігамбердыеў.
Ён падкрэсьліў, што размова ідзе толькі пра купальнікаў, якія ідуць у ваду ў раёне дзеяньня выратавальных станцыяў.
Ігамбердыеў сказаў, што на выратавальных станцыях акрамя 400 супрацоўнікаў таварыства будуць задзейнічаныя мэдыкі хуткай дапамогі і міліцыянты. Ён даў рэкамэндацыі патэнцыйным удзельнікам зімовых купаньняў:
- не знаходзіцца ў палонцы болей за 15 сэкундаў;
- не акунацца з галавой;
- не купацца хворым на гіпэртанію, дыябэт, сухоты.
- не купацца цяжарным і дзецям.
У Менску для акунаньня на Вадохрышча адвялі 8 месцаў.
Паводле Ігамбердыева, з пачатку зімы ў Беларусі патанулі 18 чалавек. Апошняе здарэньне адбылося ў Бабруйску, дзе патануў 14-гадовы падлетак. Зімой людзі гінуць ад таго, што пераходзяць вадаёмы па лёдзе, калі той яшчэ ня стаў моцным, а таксама на зімовай рыбалцы.
У 2018 годзе ў Беларусі патанулі 374 чалавекі. Гэта найменшы паказьнік за 46 гадоў — з таго часу, як Таварыства ратаваньня на водах вядзе такую статыстыку, адзначыў Анвар Ігамбэрдыеў.