У пераднавагоднія дні колькасьць аўтамабіляў на дарогах Беларусі вырасьце ўдвая

Ілюстрацыйнае фота. Менская кальцавая аўтамабільная дарога

За тры апошнія сьвяточныя дні ў Беларусі затрыманыя 210 нецьвярозых кіроўцаў і 426 бяспраўнікаў. Такія лічбы назваў 26 сьнежня журналістам падпалкоўнік Станіслаў Салавей зь Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі. Гэта ў паўтара раза болей, чым у працоўныя дні.

Супрацоўнік міліцыі дадаў, што апошнім часам зьвесткі пра нецьвярозых кіроўцаў усё часьцей паступаюць на тэлефон 102 ад уладальнікаў аўтамабіляў. Яны звоняць і паведамляюць міліцыі пра п’яных за рулём.

«Так робіцца шмат у якіх краінах, і гэта дапамагае прадухіліць бяду. Ня трэба забывацца, што кожны шосты, які гіне ў дарожных здарэньнях, — ахвяра п’янага кіроўцы», — сказаў прадстаўнік ДАІ.

З досьведу мінулых гадоў Станіслаў Салавей адзначыў, што колькасьць машын на дарогах Беларусі 30 і 31 сьнежня параўнальна са звычайнымі днямі ўзрастае ўдвая. Таму ён заклікаў кіроўцаў накідаць трохі часу да звычайных маршрутаў і пазьбягаць абгонаў на дарогах са сьнежнай «кашай».

Асьцярожна з фаервэркамі

Ілюстрацыйнае фота

​Палкоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Дзьмітры Кур’ян сказаў, што сёлета (па стане на 20 сьнежня) зафіксавана больш за 280 выпадкаў нелегальнага абароту піратэхнікі. Канфіскавана каля 7 мільёнаў яе адзінак.

Супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Мікалай Богдан падкрэсьліў, што распаўсюджваць піратэхніку ў Беларусі могуць толькі тыя, хто атрымаў на гэта адмысловы дазвол. І калі фаервэркі якасныя, то бяды ад іх не бывае. А калі што і здараецца, дык толькі таму, што людзі парушаюць правілы карыстаньня піратэхнікай, якія на ёй абавязкова друкуюцца. Дарэчы, за апошнія тры сьвяточныя дні ніякіх надзвычайных здарэньняў ад ужываньня піратэхнікі не зафіксавана.

Больш падрабязна пра тое, як правільна карыстацца фаервэркамі, можна даведацца на афіцыйным сайце МНС.

Міліцыя пяройдзе на ўзмоцнены рэжым службы

Гэта пачнецца з 9-й гадзіны раніцы 31 сьнежня. Ва ўсіх месцах, дзе будзе вялікая колькасьць людзей, уводзяць прапускны рэжым. У Менску два галоўныя месцы сьвяткаваньня Новага году — Кастрычніцкая плошча і пляцоўка каля Палаца спорту.