Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў лічыць, што такія людзі, як пісьменьнік Захар Прылепін, імкнуцца да таго, каб «дапамагчы ўкраінскай дзяржаве наладзіць нармальнае жыцьцё».
На прэс-канфэрэнцыі ў Маскве пасьля сустрэчы з кіраўніком МЗС Швэцыі Маргат Вальстрэм Лаўроў заявіў, што Ўкраіна адмовілася выпусьціць адмысловую заяву старшыні Рады Бясьпекі ААН у сувязі са сьмерцю расейскага прадстаўніка Віталя Чуркіна. Лаўроў заявіў, што паступаць так — «не па-хрысьціянску», і адзначыў, што ва Ўкраіне паступаюць пагрозы на адрас расейскіх грамадзянаў, «якія хочуць дапамагчы ўкраінскай дзяржаве наладзіць нармальнае жыцьцё». У якасьці прыкладу такіх грамадзянаў Лаўроў прывёў Прылепіна.
Пісьменьнік Прылепін актыўна падтрымлівае прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, а некалькі дзён таму заявіў, што зрабіўся «намесьнікам камандзіра» аднаго з падразьдзяленьняў сэпаратыстаў, атрымаўшы званьне «маёра» самаабвешчанай «ДНР». Ці прымаў Прылепін удзел у баявых дзеяньнях — незразумела, адразу пасьля сваёй заявы ён накіраваўся ў турнэ па Расеі з прэзэнтацыяй новай кнігі. На Украіне пісьменьніка абвясьцілі ў вышук. Нямецкае літаратурнае агенцтва Wiedling абвясьціла аб спыненьні супрацоўніцтва з Прылепіным.
Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін памёр у Нью-Ёрку ўчора — як паведамляецца, ад сардэчнага прыступу. Многія дыпляматы з розных краін, якія працавалі з Чуркіным у ААН, выказалі спачуваньні ў сувязі зь яго сьмерцю. Віталь Чуркін на пасяджэньнях Рады Бясьпекі абараняў палітыку Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны — уключаючы анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў у Данецкай і Луганскай абласьцях.