25 сьнежня падчас Каляднага фэсту ў клубе RE: PUBLIC адбудзецца прэзэнтацыя новага дыску Данчыка «Калядныя песьні» — канцэртны запіс з апошняга канцэрту у Беларусі. Там жа можна будзе і набыць гэты дыск.
23 сьнежня Данчык сам упершыню паслухаў дыск:
«Слухаючы гэтыя песьні, падумаў, што няблага я ўсё ж сьпяваў! Хацеў бы прысьвяціць гэты збор песьняў сапраўднай закуліснай сіле ня толькі гэтага выданьня , але і фактычна ўсё маёй кар’еры — маёй маці Юліі Андрусышынай, якая вучыла мяне песьні і натхняла іх сьпяваць. Каб не яна, наўрад ці зьявіўся на сьвет ня толькі гэты альбом, але і ўсе астатнія», кажа Данчык.
Як распавёў музычны крытык Вітаўт Мартыненка, раней выйшлі пяць альбомоў Данчыка «Беларусачка», 1978; «Я ад вас далёка», 1985; «Мы адной табе належым», 1989; «Ровесники», 1991; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1992. А пра шосты дыск насамрэч ня ведаў нават Данчык, бо запісвала яго з падачы Зьмітра Марчука (старшыні фан-клюбу «Данчык-forever») адна мюнхэнская студыя зь менскага канцэрту артыста ў вялікай залі Белдзяржфілярмоніі.
Як лічыць Вітаўт Мартыненка, гэтыя 19 песень нідзе больш ня знойдзеш. Ну хіба што ў беларускай песьні «Крывічаначка» можна пазнаць украінскую «Галічаначка» 1991, але ў перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша:
Ці Дняпро віруе сіні між палёў-лугоў,
Ці Дзьвіна цалуе плыньню стромы берагоў,
З даўных дзён у неспакоі ясна панначка —
У чаканьні слаўных вояў крывічаначка.
Варта дадаць таксама, што акрамя С.Сокалава-Воюша над беларусізацыяй сусьветных шляґераў для Данчыка працавалі й іншыя знакамітасьці — дасьледчык францускай паэзіі Мацьвей Смаршчок з Амэрыкі, паэтка Натальля Арсеньнева адтуль жа. Гучаць і ніколі тут ня чутыя песьні на вершы Максіма Багдановіча («Не кувай ты, шэрая зязюля» — mega-hit), Уладзімера Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына!»), напісаныя кампазытарамі-эміґрантамі Міколам Куліковічам, Міколам Равенскім.
Ёсьць у альбоме і турыстычны гіт «Стары дом» наваполацкага барда Алега Паўлёнка, «Крыніцы» ягонага земляка Сокалава-Воюша, ананімна распаўсюҗаны тут за савецкім часам нацыянальны вайсковы гімн «У гушчарах», які напісаў, аказваецца, усё той жа М. Куліковіч на вершы Н. Арсеньневай.
http://www.svaboda.org/externalaudio-FLRM/Audio/337958.html
Данчык ня толькі сам тлумачыць на тым канцэрце (1996) прыналежнасьць кожнай песьні да тэмы сьвята, але і выконвае сапраўдную клясыку жанру: фальклёрныя «Учора зь вячора», «Сьвецяць зорачкі», «Саўка ды Грышка»), міжнародныя ў беларускіх перакладах «Ціхая ноч» (зь нямецкай), «Сьвятая ноч» (з францускай). Прычым, калі папярэдні мюнхэнскі рэліз прэзэнтаваў толькі аудыётрэкі, дык на CD-перавыданьне трапілі й жывыя відэазапісы наўпрост зь нью-ёркскай кватэры Данчыка ажно сямі твораў — «Неба й зямля», «У сьвеце нам» і некаторыя зь пералічаных.