У сувязі з каранавірусам работнікам дзіцячых лягераў забароняць пакідаць іх тэрыторыю
У сувязі з распаўсюджваньнем COVID-19, для кругласуткавых дзіцячых аздараўленчых лягераў у Беларусі распрацавалі часовыя рэкамэндацыі па папярэджаньні завозу інфэкцый:
- перад накіраваньнем на працу ў лягеры іх работнікі павінны прайсьці 5-дзённую самаізаляцыю,
- лягеры будуць працаваць у закрытым рэжыме: усе работнікі павінны знаходзіцца на тэрыторыі лягера пастаянна,
- дзецям і работнікам лягера будуць штодня мераць тэмпэратуру,
- дзяцей з прыкметамі захворваньня будуць зьмяшчаць у спэцыяльныя ізалятары.
У лягерах зь дзённым знаходжаньнем
- у групах павінна быць ня больш за 15 чалавек,
- будуць прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыяваньня,
- праводзіць пастаянную дэзынфэкцыю памяшканьняў,
- праграмы для дзяцей скарэктуюць так, каб яны больш часу праводзілі на адкрытым паветры,
- штодня дзяцей будуць аглядаць мэдыкі.
Гэтым летам у дзіцячых лягерах Беларусі плянуюць аздаравіць каля 180 тысяч дзяцей, зь іх 100 тысяч — у кругласуткавых лягерах, піша БелаПАН. Дзённыя лягеры пачалі працаваць 1 чэрвеня, з 15 чэрвеня пачнуць працу кругласуткавыя лягеры.
На першы самалёт у Альбанію раскупілі усе квіткі. У якія яшчэ краіны могуць трапіць беларусы?
Праз 3 дні беларусы змогуць паляцець у Альбанію, праз тыдзень — у Чарнагорыю. З 2 ліпеня беларусаў чакаюць Турэччына і Эгіпет. А вось краіны Эўразьвязу пакуль не сьпяшаюцца адкрываць свае межы — нават з наяўнасьцю адмоўных тэстаў на COVID-19. Дакумэнты на шэнген прымаюць у вельмі абмежаванага кола беларусаў. І пэўнасьці наконт зьменаў пакуль няма.
Альбанія, Турэччына, Чарнагорыя і Эгіпет — вельмі папулярныя напрамкі ў беларусаў, бо ехаць туды можна бязь візы. У якія краіны могуць ехаць у адпачынак беларусы, чытайце ў матэрыяле па спасылцы.
У сувязі з каранавірусам прызыўнікі будуць прымаць прысягу бяз родных
У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў Беларусі ў гэтым годзе не было ўрачыстай адпраўкі прызыўнікоў у войска, а цяпер прынятае рашэньне, што прысяга пройдзе бяз родных і блізкіх.
Сама цырымонія прысягі застанецца нязьменнай, а з самых масавых месцаў прыняцьця прысягі — 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру і з вайсковай часткі ў Марʼінай горцы — арганізуюць онлайн-трансьляцыю цырымоніі, распавяла прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік. Бацькі могуць падрыхтаваць відэавіншаваньні сынам-прызыўнікам, іх пакажуць падчас урачыстых імпрэзаў пасьля прысягі.
У Новай Зэляндыі больш няма інфікаваных каранавірусам
Апошні пацыент, які лячыўся ад COVID-19, у нядзелю быў абвешчаны здаровым. На працягу апошніх двух тыдняў у краіне ня выявілі ніводны выпадак заражэньня.
У панядзелак Новая Зэляндыя адмяняе ўсе абмежаваньні, зьвязаныя з эпідэміяй, за выключэньнем аднаго: межы застануцца пакуль закрытымі.
Прызналі яшчэ 7 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 8 чэрвеня
Паводле міністэрства аховы здароўя, на 8 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 49 453 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 276 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 23 880 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 823 выпадкі і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў (так шмат за дзень прызнавалі толькі аднойчы, 12 траўня), а выпісалі 233 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» перастала спадаць, зноў расьце ўжо другі дзень запар — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 25 297;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 632 993 тэсты (10 680 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы міністэрства няспынна расла да апошніх дзён — толькі 3 і 4 чэрвеня сталі выпісваць больш, чым выяўляць новых хворых.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
«Мне вельмі крыўдна». Звальняюць фэльчара «хуткай» зь Ліды, які адседзеў «суткі» за стрым Ціханоўскага
Павал Палейчык лічыць, што прычынай гэтага стала яго палітычная актыўнасьць. Пасьля вызваленьня з «сутак» Павал вярнуўся да працы і некалькі тыдняў не меў ніякіх праблем. Аднак на пачатку чэрвеня яго выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі паведамленьне аб непрацягненьні кантракту. Апошнім працоўным днём Паўла на лідзкай «хуткай» стане 9 ліпеня.
Міністэрства здароўя адмовілася апублікаваць штомесячную статыстыку сьмяротнасьці
На сайце Petitions.by апублікавалі адказ на зварот аб рэгулярнай публікацыі статыстыкі сьмяротнасьці ў Беларусі ў параўнаньні зь мінулым годам. Зварот за гэта падпісаў 431 чалавек.
Першы намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч адказаў на гэта адмовай. Паводле яго:
- Аналіз статыстыкі правядуць па заканчэньні эпідэміі, бо пакуль паказьнікі і мэтады іх аналізу даюць «ацэначныя меркаваньні».
- Выбар пазначанай прычыны сьмерці адпавядае Міжнароднай статыстычнай клясыфікацыі хваробаў (беларускія мэдыкі і родзічы памерлых ня раз заяўлялі, што гэта ня так. — РС).
- Больш спрыяльнае разьвіцьцё сытуацыі з COVID-19 у Беларусі ў параўнаньні з краінамі Эўропы тлумачыцца высокай забясьпечанасьцю мэдычнымі кадрамі, разьвітай матэрыяльна-тэхнічнай базай, высокай забясьпечанасьцю «ложкавым фондам», пунктамі доступу кіслароду і апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, дастатковым узроўнем лябараторнай дыягностыкі (у апытаньні Numbeo карыстальнікі паставілі беларукую сыстэму аховы здароўя на 25 з 36 месцаў у Эўропе. — РС).
- Айчынныя прадпрыемствы вырабляюць у прыярытэтным парадку лекі, неабходныя інфікаваным (лекаў менавіта ад COVID-19 не існуе, хаця ад асобных сымптомаў існуюць, таксама праводзяцца тэсты пэрспэктыўных сродкаў. — РС), антыбактэрыяльных сродкаў, інфузійных раствораў, сродкаў для інтэнсіўнай тэрапіі.
- Міністэрства здароўя «наладзіла пастаянную сувязь са СМІ для інфармаваньня грамадзянаў (прадстаўнікі міністэрства больш за паўтара месяца не праводзяць прэсавыя канфэрэнцыі і не кантактуюць зь недзяржаўнымі СМІ. — РС).
Тэсты на каранавірус загадалі рабіць беларускім дзецям – «кантактам» 2-га ўзроўню
У рэдакцыю Tut.by трапіў новы загад Міністэрства здароўя Беларусі аб дапамозе хворым на COVID-19. Згодна з загадам, ад 15 чэрвеня ўстановы аховы здароўя абласнога ўзроўню зьбіраюцца паэтапна вяртаць у звычайны рэжым працы.
Што яшчэ мяняе загад:
- У абласных лякарнях загадалі прадугледжваць магчымасьць асобнага аддзяленьня, якое будзе працаваць у рэжыме інфэкцыйнага стацыянару.
- Абавязкова шпіталізаваць павінны хворых на пнэўманію і COVID-19 або падазрэньнем на каранавірус, пацыентаў з вострым рэсьпіраторным дыстрэс-сындромам і COVID-19.
- Дыягназ COVID-19 выстаўляюць па адным ПЦР-тэсьце; пры кампутарнай тамаграфіі з «тыповай рэнтгеналягічнай сымптаматыкай» і клінічнай карціне з наступным станоўчым тэстам; паводле двух станоўчых тэстаў «сэралягічнай дыягностыкі» (гэта ў тым ліку экспрэс-тэсты на антыцелы) з інтэрвалам ня менш за дзень пры тыповай для COVID-19 клінічнай карціне.
- Тэсты на каранавірус загадалі рабіць «кантактам» 1-га ўзроўню на 3-5-ы дзень пасьля кантакту і паўторна на 10–12 дзень (ПЦР) або на 13-ы дзень (тэст на антыцелы).
- Тэсты будуць прызначаць «кантактам» 2-га ўзроўню ва ўзросьце да 10 гадоў.
Каранавірус паскараецца. У сьвеце 7 млн выпадкаў, зь іх 2 млн — у ЗША
Распаўсюд новага каранавірусу SARS-CoV-2 і хваробы COVID-19, якую ён выклікае, не спыняецца. З пачатку году ў сьвеце зафіксавалі ўжо звыш 7 мільёнаў выпадкаў хваробы, памерлі прынамсі 406 тысяч чалавек. Агульная колькасьць выпадкаў новага каранавірусу ў ЗША перавысіла 2 мільёны.
Выпісалі здаровымі пасьля каранавірусу 3,462 млн чалавек, але хворымі застаюцца 3,224 млн, зь іх амаль 54 тысячы ў крытычным стане. Лекаў і вакцынаў ад новага каранавірусу ўсё яшчэ не знайшлі — ёсьць толькі пэрспэктыўныя экспэрымэнты, але не прэпараты з пацьверджанай эфэктыўнасьцю.
У пачатку чэрвеня штодзень выяўляюць да 130 тысяч новых выпадкаў, хоць вясной выяўлялі па 70–100 тысяч на дзень. Паводле даступных на момант публікацыі зьвестак, за 7 чэрвеня выявілі 113 тысяч выпадкаў: найбольшы прырост у Злучаных Штатах (18,9 тысячы), Бразыліі (18,3 тысячы), Індыі (10,8 тысячы), Расеі (9 тысяч) і Чылі (6,4 тысячы).
Колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень паступова спадае ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыне і іншых краінах, але толькі расьце ў Бразыліі, Індыі і іншых.
Дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў, што пасьля параду 9 траўня не было ўсплёску каранавірусу
Тэлеканал АНТ зрабіў спэцыяльны сюжэт, у якім спрабаваў зьняпраўдзіць «фэйкі» пра рост каранавірусу ў сувязі зь менскім парадам 9 траўня, не назваўшы пры гэтым ніводнага СМІ і ніводнай лічбы.
«Чамусьці ўсе адчайна маўчаць пра парад у Менску, — заявіў расейскі сацыёляг Ганчароў. — А напярэдадні ўся заходняя прэса і, на жаль, расейская, „клікушнічала“: „Лукашэнка вывеў людзей на вуліцы, праз 2 тыдні інкубацыйнага пэрыяду Беларусь „вымрэ“.
Нічога не адбылося — Беларусь жывейшая за ўсіх жывых. Эпідэмічныя паказьнікі там лепшыя, чым у Аўстрыі і Нямеччыне. Калі б самая малая вірусная ўспышка здарылася пасьля параду, мы б пра гэта чулі з кожнага праса».
У Расеі за суткі выяўлена амаль 9000 інфікаваных каранавірусам
У Расеі за апошнія суткі выяўлена 8984 выпадкі заражэньня каранавірусам, сьведчыць афіцыйная статыстыка. Зь іх толькі 1956 выпадкаў — у Маскве, якая да сярэдзіны траўня была асноўным месцам распаўсюджваньня хваробы.
Агульная колькасьць тых, хто захварэў каранавіруснай інфэкцыяй у Расеі з пачатку эпідэміі вырасла да 467 673 чалавек. Амаль палова ўжо выздаравелі — 226 731 чалавек.
Памерлі, паводле афіцыйных дадзеных, крыху больш за 1 адсотка інфікаваных — 5859 хворых. Зь іх 134 за суткі.
За суткі на каранавірус у Беларусі захварэлі 879 чалавек. Афіцыйная статыстыка
Па стане на 7 чэрвеня ў Беларусі 48 630 выпадкаў каранавірусу. За ўвесь час памерлі 269 пацыентаў.
Міністэрства аховы здароўя апублікавала статыстыку па хворых на каранавірус на 7 чэрвеня. Агульных выпадкаў – 48 630, за ўвесь час памерлі 269 пацыентаў. Прырост выпадкаў за суткі – 879 чалавек.
Навіны, датычныя каранавірусу, за 6 чэрвеня
- За дзень выявілі яшчэ 883 інфікаваных на COVID-19 і прызналі яшчэ 4 сьмерці, агулам 47 751 інфікаваных і 263 памерлых з пачатку пандэміі
- Міністэрства здароўя: COVID-19 пайшоў на спад у Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях
- Больш за 20 беларускіх мэдыкаў памерлі ад каранавірусу і пнэўманіі за час эпідэміі
- «Мы павінны перамагчы чатыры-пяць пандэмій». Лукашэнка прыехаў у Магілёў
- Памёр вікарый Наваградзкай эпархіі ўладыка Пётр. У яго быў каранавірус
Памёр вікарый Наваградзкай эпархіі ўладыка Пётр. У яго быў каранавірус
6 чэрвеня ў выніку цяжкай і працяглай хваробы, ускладненай каранавіруснай інфэкцыяй, памёр схіепіскап Дзятлаўскі Пётр, вікарый Наваградзкай эпархіі, паведамляе афіцыйны партал беларускай праваслаўнай царквы church.by.
Вікарыю быў 61 год. Ён нарадзіўся 5 студзеня 1959 году ў Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю. У 1992 годзе стаў эпіскапам Тураўскім і Мазырскім, з 2004 году быў прызначаны кіраўніком Бабруйскай эпархіяй, затым быў вікарыем Віцебскай эпархіі. З 2013 году ўладыка Пётр прызначаны эпіскапам Смаргонскім, вікарыем Наваградзкай эпархіі.
Пік пандэміі пройдзены?
Піша Юры Дракахруст.
Упершыню з пачатку пандэміі каранавірусу ў Беларусі на працягу чатырох дзён колькасьць новых выяўленых інфікаваных менш, чым колькасьць новых ачунялых і памерлых. Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, то гэта будзе азначаць, што пандэмія прайшла пік і ідзе на спад.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 6 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19
Паводле міністэрства, на 6 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 47 751 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 263 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 23015 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 883 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, а выпісалі 949 чалавекі;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 609 671 тэстаў (12 658 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
«Мы павінны перамагчы чатыры-пяць пандэмій». Лукашэнка ў Магілёве
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў Магілёве заявіў, што ў краіне паступова праблема каранавіруса адыходзіць, у тым ліку ў Магілёве сытуацыя цяпер складваецца цалкам шчасна.
Аляксандар Лукашэнка пачаў візыт у Магілёў з наведваньня Сьвята-Мікольскага жаночага манастыра, дзе ён паставіў сьвечкі, перадае БелТА.
«Пашанцавала магілёўцам у тым пляне, што нават калі ёсьць захворваньне, то ўжо ў лёгкай форме», — сказаў Лукашэнка.
Ён назваў правільным выбраны ў Беларусі шлях барацьбы з захворваньнем без уводу ўсеагульнага карантыну. Лукашэнка заклікаў людзей быць акуратнымі, выконваць неабходныя засьцярогі, больш праводзіць часу на сьвежым паветры.
«Мы павінны прыгожа прайсьці гэты пэрыяд і перамагчы чатыры-пяць пандэмій, якія сёньня блукаюць па нашай краіне — у галіне аховы здароўя, палітыкі, эканомікі, інфапандэмію. Мы іх пераадолеем. Не такія праблемы пераадольвалі», — сказаў Лукашэнка.
У манастыры кіраўніку краіны падарылі абраз, які абараняе ад ворагаў.
Міністэрства аховы здароўя: COVID-19 пайшоў на спад у Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях
Захворваньне на COVID-19 пайшло на зьніжэньне ў Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях, паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
«Менск ужо прайшоў верхавіну і ідзе на зьніжэньне. Менская і Віцебская вобласьці прайшлі дакладна гэтак жа. То бок фактычна 40-45% насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі. Калі пройдзе Берасьцейская вобласьць, у нас будзе бліжэй да 60%. Сёньня Берасьцейская вобласьць знаходзіцца на максымальным для вобласьці плято. Яшчэ нейкі час яна будзе знаходзіцца тут, потым пойдзе ўніз», — цытуе Богдан прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Паводле Алены Богдан, усе рэгіёны па-рознаму ўступалі ў гэты працэс. Пачыналася з Віцебска, потым далучыліся Менск і Менская вобласьць, затым Берасьцейская, практычна паралельна зь ёй пайшла Горадзенская, крыху з адставаньнем пачынае Гомельская вобласьць, і найменшыя паказчыкі сёньня ў Магілёўскай вобласьці.
Больш за 20 беларускіх мэдыкаў памерлі ад каранавірусу і пнэўманіі за час эпідэміі
Прынамсі 21 мэдычны супрацоўнік, што быў хворы на COVID-19 ці пнэўманію, памёр за два апошнія месяцы эпідэміі ў Беларусі. Зьвесткі пра ахвяр эпідэміі каранавірусу Свабода зьбірае ў праекце «Сьпіс памяці».
Толькі ў другой палове траўня памерлі шасьцёра мэдыкаў.
Больш за ўсё ахвяр эпідэміі сярод мэдыкаў вядома зь Віцебску (трое), Менску (трое) і Барысава (таксама трое). Прычым у Барысаве ўсе трое мэдыкаў працавалі ў адной установе — цэнтральным раённым шпіталі.
Сярод 21 мэдыка, пра сьмерць каго нам вядома цяпер, 17 мелі пацьверджаны тэст на каранавірус (у астатніх — двухбаковая пнэўманія і падазрэньне на каранавірус. — РС). Але не ўва ўсіх гэтых людзей у пасьведчаньні аб сьмерці было запісана пра каранавірус. Хоць Сусьветная арганізацыя здароўя тлумачыла выданьню Onliner, што да ахвяр COVID-19 варта адносіць усіх людзей, якія мелі пацьверджаны COVID-19, нават калі ў іх была дыягнаставаная нейкая хранічная хвароба.
Міністэрства аховы здароўя тым часам не распаўсюджвае інфармацыю пра мэдыкаў, якія памерлі ад каранавірусу. Яно спасылаецца на біяэтыку і лекарскую таямніцу.
Па афіцыйных зьвестках, у Беларусі за ўвесь час ад каранавірусу памерлі 259 чалавек. Гэта значыць, што мэдыкі складаюць амаль 10% ад усіх ахвяр эпідэміі.
«Прыходзьце праз тры месяцы». Як мой каранавірус лячылі ў паліклініцы
Некалькі тыдняў таму мяне выпісалі зь лякарні на «амбуляторнае лячэньне COVID-19». І гэта аказалася яшчэ адной гісторыяй у стылі «чаканьне — рэальнасьць» — гісторыяй, поўнай маіх расчараваньняў і абыякавасьці з боку мэдыкаў, распавядае сваю «гісторыю хваробы» блогерка Наста Захарэвіч. Чытайце па спасылцы.