Апошні званок для выпускнікоў 9-х і 11-х клясаў беларускіх установаў агульнай сярэдняй адукацыі сёлета зьвініць 29 і 30 траўня.
Дзевятыя клясы ў 2019 годзе сканчаюць 85,6 тысяч маладых людзей, адзінаццатыя — 55,4 тысяч чалавек. Выпускныя іспыты для школьнікаў 9-ых клясаў і 11-ых клясаў пройдуць з 1 па 8 чэрвеня, выпускныя вечары — 8-9 чэрвеня.
У Менску ўсе сьвяточныя лінейкі праходзяць 29 траўня, бо 30 траўня — 20-годзьдзе трагедыі на Нямізе. На іх апошні школьны званок празьвініць для 9603 адзінаццаціклясьнікаў.
Фотакарэспандэнт Свабоды наведаў апошні званок у менскай сярэдняй школе № 19 імя Янкі Купалы.